Падрыхтоўчы этап перад прысваеннем дашкольніку “статуса” першакласніка — адказны перыяд у жыцці будучых вучняў, у тым ліку і іх бацькоў. Апошнія, знаходзячыся ў перадвераснёўскіх клопатах, задумваюцца не толькі пра месца вучобы сваіх дзяцей, але і пра дадатковыя заняткі — курсы падрыхтоўкі да школы, якія функцыянуюць амаль ва ўсіх установах вобласці. Як правільна настроіць дашкольнікаў на вучэбны лад, што трэба ўмець у першым класе і наколькі карыснымі і эфектыўнымі для іх аказваюцца такія адукацыйныя “трэніроўкі”?
- Такія курсы з кожным годам становяцца ўсё больш папулярнымі, асабліва для тых, хто па розных прычынах не наведваў дашкольныя ўстановы адукацыі. Заняткі дазваляюць вызначыць падрыхтаванасць дзяцей да навучання ў пачатковай школе, убачыць “слабыя звёны” ў развіцці, іх скарэктаваць, даць парады бацькам, — расказвае Таццяна Антонаўна. Вопыт работы паказвае, што хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ходзяць на заняткі, больш псіхалагічна ўстойлівыя, што дазваляе ім у далейшым паспяхова авалодваць школьнай праграмай.
Напрыклад, заняткі для будучых вучняў у гімназіі № 2 г. Віцебска праводзяцца па суботах. Дзеля таго, каб апынуцца ў ліку курсантаў, бацькі праходзяць працэдуру рэгістрацыі. Пачынаючы са снежня і на працягу паўгоддзя дзеці пачынаюць знаёміцца з педагогамі, школай, мікрараёнам горада, дзе размяшчаецца “храм навукі”. Пасля азнаямляльных элементаў праграма курса пераходзіць у інтэлектуальны. Настаўнікі пачатковых класаў, псіхолагі, дэфектолагі праводзяць заняткі па развіцці ўспрымання, памяці, увагі, лагічнага мыслення, па фарміраванні матывацыі і інш. Як адзначыла дырэктар па вучэбнай рабоце ўстановы адукацыі Ірына Красаўцава, у гэтым годзе “школу маладога вучня” прайшлі каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак, аднак з-за абмежаванай колькасці месцаў толькі 136 з іх сталі першакласнікамі.
А вось у гарадской СШ № 29 такія падрыхтоўчыя курсы наведвалі амаль 60 дашкольнікаў. Для хлопчыкаў і дзяўчынак з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў тут прадугледжана бясплатная форма падрыхтоўкі. Акрамя агульнаадукацыйных, у школе праходзяць заняткі па музыцы і рытміцы. Не так даўно ў курс уведзена англійская мова ў гульнявой форме. Дарэчы, адной з форм работы “школы маладога вучня” з’яўляюцца адкрытыя заняткі, на якіх прысутнічаюць бацькі будучых першакласнікаў. Як правіла, такія ўрокі праводзяцца напрыканцы курсаў, што, на думку дырэктара школы Ірыны Шушкевіч, дазваляе ацаніць якасць падрыхтоўкі дзяцей. Напачатку мая ўсе пройдзеныя этапы курсаў, як пазлы, аб’ядноўваюцца ў адзіную адукацыйную “мазаіку”, якую дашкольнікі дэманструюць педагогам і бацькам на іх першым у жыцці канцэрце на школьнай сцэне.
Некаторыя мамы і таты, якія вагаюцца над тым, ці аддаваць дзяцей на падрыхтоўчыя курсы, знаходзяць адваротны бок медаля. Яны хвалююцца, каб такія заняткі не сталі сур’ёзнай нагрузкай для дзіцяці. Аднак Ірына Шушкевіч аправяргае такое меркаванне, матывуючы тым, што суботні дзень ва ўстанове адукацыі будучыя школьнікі праводзяць каля 2-2,5 гадзін, а адзін урок працягваецца 30 хвілін, і такі распарадак з’яўляецца найбольш аптымальным для дашкольнікаў. Таму ёсць падставы сцвярджаць, што пры такім раскладзе першы год навучання для будучых вучняў, а на Віцебшчыне 1 верасня за парты сядуць каля 11 783 хлопчыкаў і дзяўчынак, стане удалым стартам школьнага жыцця.
Меркаванні бацькоў
Антаніна Сяргееўна, Віцебск:
- Перад паступленнем у школу ў дзіцячым садку нам прапанавалі наведваць курсы. Гэта было шэсць гадоў назад. Мой сын Арсеній аказаўся ў групе таго настаўніка, да якога мы планавалі патрапіць у клас. Тут змаглі зацікавіць вучобай настолькі, у прыватнасці англійскай мовай, што сын лічыў дні да наступнай сустрэчы са светам ведаў. Нягледзячы на тое, што ў свой час я вывучала нямецкі, з дапамогай Арсенія ўжо сама дакладна ведаю англійскі алфавіт, стандартныя выразы. Лічу заняткі па замежнай мове на такіх курсах добрай ідэяй. Увогуле прытрымліваюся думкі, што гэта адзін са складнікаў паспяховага будучага.
Таццяна Анатольеўна, Глыбокае:
- Пяць год назад аддалі сына на падрыхтоўчыя курсы. Гэтыя заняткі прынеслі яму карысць не толькі ў атрыманні пэўных ведаў, але і для знаёмства з самой школай, будучымі аднакласнікамі, педагогамі, дысцыплінай, патрабаваннямі. З малодшым сынам было ўжо прасцей, на курсы не пайшлі. І не толькі таму, што ў дзіцячым садку атрымалі добрую і якасную падрыхтоўку. Мы мэтанакіравана ішлі да той жа настаўніцы, ведалі яе, а яна нас. Калі б апынуліся ў іншай школе, то, напэўна, мелі б патрэбу ў дадатковых занятках пры ўстанове адукацыі.
Алег Уладзіміравіч, Орша:
- У той час, калі старэйшы сын паступаў у першы клас, а гэта было больш за 15 год назад, такіх курсаў не было. Таму перш, чым накіраваць малодшую дачку Лізавету на падрыхтоўчыя курсы ў мінулым годзе, разам з жонкай кансультаваліся са сваімі знаёмымі, якія прайшлі праз гэты этап і развеялі некаторыя нашы сумневы. Трэба сказаць, што заняткі адаптавалі да новай прасторы, згуртавалі дзяцей. Таму Ліза з нецярплівасцю чакала сустрэчы з будучымі аднакласнікамі, з якімі пасябравала падчас курсаў. У першы клас ішлі без страху і з вялікай цікаўнасцю.
Фота Вольгі БУЛАЎКІ.