Автор: . Дата создания:

Напэўна, няма ў свеце чалавека, які не ведае пра існаванне Бібліі. Большасць хрысціян яе чыталі, імкнуліся ўнікнуць у сутнасць Святога Пісання. Наколькі глыбока, самому ацаніць цяжка. Лепш пад кіраўніцтвам таго, хто дасведчаны ў тэалогіі.

Католікам Пастаўшчыны такую дапамогу прапанаваў ксёндз з касцёла Езуса Міласэрнага – доктар тэалогіі Валерый Марціноўскі. Наш зямляк (нарадзіўся і вырас у Міёрах) у верасні абараніў дысертацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ. Зараз служыць святаром-рэзідэнтам у Паставах і адначасова выкладае ў семінарыях у Гродне і Пінску. У райцэнтры і Навасёлках святар распачаў цыкл лекцый “Спатканні з Бібліяй”. Першыя заняткі прайшлі па тэме “Гісторыя збаўлення”. Гэта цэлы курс, які прадугледжвае 16 сустрэч. Мэта – паглыбіць разуменне і любоў вернікаў да Святога Пісання, бо Біблія – не зборнік гістарычных апавяданняў і хронік, а, як кажа Папа Рымскі Францішак, цалкам прысвечана шляху да збаўлення чалавека.

Каб данесці гэта да слухачоў, Валерый Марціноўскі імкнецца зрабіць зразумелым кожнае слова, мова святара адпавядае аўдыторыі. Пакрокава максімальна проста з прыкладамі ён паказвае чалавеку, што сабой уяўляе вера, якую ён знаходзіць сам праз памылкі, вопыт, жыццёвы шлях.

Пра сябе расказвае коратка і сціпла. Скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. У 2012-м прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Браславе. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Віцебскай катэдры, пасля служыў у Гарадоцкай парафіі. Адтуль і быў накіраваны біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам на спецыялізаванае навучанне ў Люблінскі ўніверсітэт.

– Любоў да каталіцкіх традыцый прывівалася ў сям’і, – кажа Валерый Марціноўскі. – Аднак у радаводзе назіраецца сямейнае пакліканне. Родны брат майго прадзядулі Аляксандра – Юзаф Марціноўскі – таксама быў святаром. Выкладаў ва ўніверсітэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні і працаваў рэктарам духоўнай семінарыі ў польскім горадзе Вроцлаве.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.