У Віцебску прайшоў агульнагарадскі суботнік, падчас якога наводзілі чысціню ў месцах масавага адпачынку, на прадпрыемствах.
Работа па навядзенні парадку на зямлі ішла ў розных кутках абласнога цэнтра. Даволі шмат людзей шчыравала ў папулярнай зоне адпачынку ў пойме ракі Віцьба. У тым ліку навучэнцы медыцынскага каледжа. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гэтай навучальнай установы Анжэла Азарчанкава адзначыла, што ў мерапрыемствах па санітарнай ачыстцы і добраўпарадкаванні горада будучыя медыкі ўдзельнічаюць рэгулярна. Да таго ж за каледжам замацавана тэрыторыя амаль у гектар ля інтэрната ў раёне Пятага камунальнага на вуліцы Максіма Горкага.
У каледжы вялікая роля разам з прафесійным адводзіцца і працоўнаму навучанню. Моладзь рыхтуецца да самастойнасці, адказнасці. Сярод навучэнцаў шмат валанцёраў, якія працуюць у доме дзіцяці, дапамагаюць у доглядзе за састарэлымі і інвалідамі. Сёлета ў акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх выпускных груп, за выключэннем медыка-прафілактычнага аддзялення, якое зараз на дзяржпрактыцы.
Ля Віцьбы працавалі і студэнты ветэрынарнай акадэміі. Яны наводзілі парадак на тэрыторыі студэнцкага гарадка ў парку імя 40-годдзя ВЛКСМ, удзяліўшы асаблівую ўвагу добраўпарадкаванню мемарыяльнага знака ў памяць грамадзян, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У гарадскім суботніку ўдзельнічалі прадстаўнікі арганізацый усіх форм уласнасці, вайскоўцы, студэнты і школьнікі. Сярод добраўпарадкаваных аб’ектаў таксама – парк культуры і адпачынку ў Мазурыне, дзе «дзякуючы» некаторым безкультурна адпачываючым і дачнікам накапілася багата смецця. Ачышчаны берагі Дзвіны, уласныя і сумежныя тэрыторыі прадпрыемстваў, гарадскія вуліцы і праспекты. Несумненна, у суботнікаў ёсць і вялікая выхаваўчая функцыя: той, хто паклапаціўся пра чысціню свайго горада, наступны раз задумаецца, перш чым кінуць штосьці міма сметніцы.
Фота Алеся БЫНЬКОВА.