Птушка, якая ніколі не сустракалася на тэрыторыі Беларусі, знойдзена на Лукомскім возеры
Автор: Алесь Быньков. Дата создания:
Сапраўдным адкрыццём скончыліся даследаванні на возеры Лукомскім групы супрацоўнікаў НПЦ па біярэсурсах Акадэміі навук Беларусі. Імі быў знойдзены і ідэнтыфікаваны від птушак, які дагэтуль не сустракаўся на тэрыторыі нашай краіны – плывунчык пласканосы (на фота).
Гэта птушка звычайна гняздзіцца ў паўночных шыротах Грэнландыі, Ісландыі і Шпіцбергена, зімуе на заходнім узбярэжжы Афрыкі і ў Амерыцы. Якім чынам па дарозе ў цёплыя краіны яна завітала да нас? Дакладны адказ пакінем экспертам, аднак адназначна, што ў выпадку афіцыйнай рэгістрацыі Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй птушка стане 324-й у Спісе птушак Беларусі.
Ці не звязана цікавае здарэнне са змяненнем экалагічнай сітуацыі на Лукомскім возеры? З гэтым пытаннем звярнуўся да галоўнага спецыяліста Чашніцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пятра Плюта. Пётр Данілавіч супакоіў: экалагічная сітуацыя на возеры стабільная. З пераходам Лукомскай ГРЭС на прыродны газ яна нават палепшылася. Шмат у чым цеплыня возера залежыць і ад тэмпературы паветра, што асабліва адчуваецца ў летнюю спёку. Праўда, зараз на электрастанцыі заканчваецца будаўніцтва сучаснай парагазавай устаноўкі, якая ўступіць у дзеянне ў пачатку наступнага года, аднак, лічаць спецыялісты, гэта не павінна значным чынам адбіцца на экалагічнай сітуацыі.