Аўтары, дзе вы?!
Гартаю старонкі раённых газет. Імёны фотакарэспандэнтаў можна пералічыць без цяжкасці: Андрэй Марцінкевіч (”Полацкі веснік“), Казімір Блажэвіч (”Міёрскія навіны“), Мікалай Аўсееў (”Новополоцк Сегодня“), Валеры Салаўёў (”Дзвінская праўда“), Алег Клімовіч (“Віцьбічы”). Добрыя здымкі атрымліваюцца ў галоўнага рэдактара “Аршанскай газеты” Анастасіі Турок, якасныя і адметныя фотаілюстрацыі ў газеце “Веснік Глыбоччыны”. Аднак у большасці сваёй на рэгіянальным газетным рынку пануюць статычныя фотаілюстрацыі з невыразнымі подпісамі. Аўтар адсутнічае. Часцей бывае, што ў фотаздымка і надрукаванага тэкста аўтар адзін. Але калі друкаванае слова нясе пэўную сэнсавую нагрузку, то якую ідэйную нагрузку выконвае нецікавы здымак?
Ілюстрацыя з веснавога палетка. Маладыя хлопцы стаяць каля трактара, усунуўшы рукі ў кішэні і ўсміхаюцца ў фотакамеру. Быццам яны прыйшлі не на працу, а выйшлі на прагулку. Ці вось матэрыял пра акцыю, якую праводзяць праваахоўныя органы. На здымку двое мужчын у форме вядуць бяседу з парушальнікам закону. Пра што, можна толькі здагадвацца. Ва ўсіх на тварах чорныя “павязкі”, каб ніхто нікога не пазнаў. Канспірація можа мець месца, але ў дадзеным выпадку фотаілюстрацыя толькі пагаршае дызайн газетнай паласы.
Так, сучаснае афармленне газеты патрабуе ілюстрацыю ці не да кожнага матэрыяла. І ў рэдактара заўсёды ёсць права выбару, што паставіць на паласу. Безумоўна, добры здымак – удача рэдакцыі. Але каб ён атрымаўся, трэба дзеля гэтага ўсё абдумаць і спланаваць, а не рабіць яго паспешна, паміж зборам інфармацыі для матэрыяла. Фотаілюстрацыя – гэта даследаванне рэчаіснасці, яна не менш важная за тэкст, часам нават павінна стаяць на першым месцы. Фота – гэта дакумент, якому чытач дзесьці ў падсвядомасці давярае больш. І гэты давер страчваць недапушчальна. Выйсце для рэдакцый адно: шукаць здольнага фотамайстра і не разлічваць на тое, што той, хто ўмее пісаць, навучыцца рабіць і якасныя здымкі.
Стварыць настрой
Пра рост цікавасці сёння да фотаілюстрацыі многа гаварылі і на ХІХ міжнароднай спецыялізаванай выставе “СМІ ў Беларусі”, якая прайшла ў маі ў Мінску. Узняць планку патрабаванняў да фота ў газеце, праяўляць больш творчасці ў гэтай рабоце патрабуе і Міністр інфармацыі Республікі Беларусь Лілія Ананіч. На выставе былі падведзены вынікі першага конкурсу ”Фота Беларусі“, арганізаванага па ініцыятыве міністэрства. Прыемна, што сярод пераможцаў у намінацыі “Самы юмарыстычны кадр” названы і віцебскі фотарэпарцёр Алег Клімовіч (газета “Віцьбічы”). Асаблівае пачуццё гонару і за фотамайстра “Витебских вестей” Антона Сцепанішчава, які разам з вядомымі сталічнымі карэспандэнтамі адзначанымі дыпломам пераможцы Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая литара”.
Генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелТА Дзмітрый Жук адзначыў у прафесійным асяродку фотамайстроў: прадаецца эмоцыя. Фотаздымак, які перадае канкрэтны эмацыянальны запал, мае попыт, а значыць, фотакарэспандэнт патрапіў “у дзясятку”. Не ілюстрацыя дзеля ілюстрацыі, а адлюстраванне пэўнага моманту, які можна назваць падзеяй. Вось мэта, да якой імкнецца паспяховы фотакарэспандэнт.
Сучасныя тэндэнцыі сведчаць пра паспяховасць буйных фотаілюстрацый у газеце. І тут нельга не адзначыць фотаздымкі на першай паласе такіх рэгіянальных газет, як “Сцяг перамогі” (г.п. Лёзна), “Аршанская газета”, “Міёрскія навіны”. Некаторыя газеты збіраюць у адно адразу некалькі невялікіх фотаздымкаў (“Новополоцк Сегодня”, ”Дняпроўская праўда“, “Голас Расоншчыны”), але апраўдана, калі гэта фотарэпартаж, калі не, такі падыход нагадвае фотаальбом, які ніякім чынам не адпавядае газетнаму стылю. Ці можна, напрыклад, разгледзець твары прадстаўнікоў прадпрыемстваў, занесеных на раённую Дошку гонару, на калектыўным здымку малога фармату? Такі здымак не здольны перадаць нават святочны настрой мерапрыемства.
Парадаваў нумар газеты “Гарадоцкі веснік” за 8 мая. Адметны фотаздымак Святланы Якаўлевай ”Звініць 70-ы майскі вальс“. На лясной паляне ля возера маладыя сучаснікі ў стылізаваных пад пасляваенныя саракавыя строях няспешна танчаць пад гукі гармонікаў. Выдатна перададзены настрой майскіх пераможных дзён, калі свята абвяшчала пачатак новага мірнага жыцця, стварала атмасферу прадчування шчасця. Умела знойдзены ракурс, падабраны момант.
Можам, калі захочам! Праца фотакарэспандэнта патрабуе не толькі практычнага ўмення, але і папярэдняга асэнсавання таго, што ты хочаш атрымаць. Думка бяжыць наперадзе шчаўшка затвора.
Святлана ДЗЯДЗІНКІНА.