Автор: . Дата создания:

«Народнае мастацтва — гэта даўніна, якая жыве і ў наш час, служыць асновай для творчасці майстроў і мастакоў, росквіту традыцыйных і сучасных рамёстваў», — лічыць педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна Ірына Пачкоўская і гэта сваё перакананне імкнецца рэалізаваць у рабоце з дзецьмі.

У гуртках «Чароўны абрэзак» і «Дэкаратыўны дызайн», якія педагог вядзе ўжо не адзін год, яна не проста вучыць дзятву рукадзеллю. Стараецца, каб адначасова з практычнымі навыкамі валодання іголкай і ніткай, кручком і нажніцамі яны паглыбляліся ў гісторыю, ведалі пра побыт продкаў, як тыя без сучасных прылад стваралі прыгожыя, зручныя і практычныя рэчы, аздаблялі сваё жыллё, адзенне. Так нараджаюцца праекты, дзе злучаецца навукова-даследчая работа з творчасцю.

Летась гэта быў праект «Вязальнага кручка дзівосы». Гурткоўцы зрабілі макет беларускай хаткі з прадметамі побыту і рэчамі, звязанымі кручком. А пасля захацелі напоўніць яе іншымі рэчамі, характэрнымі для глыбачан, што жылі на гэтай зямлі некалькі стагоддзяў таму назад.

У мінулым годзе дзеці працавалі над праектам «Паркалёвых абрэзкаў зачараванне» – асвойвалі рамяство абрэзкавага шыцця. Акцэнт быў зроблены на рэканструкцыі прадметаў побыту, выкананых у старажытнай абрэзкавай тэхніцы, якую прымянялі на Глыбоччыне.

Разам з дзецьмі даслед­чай работай зацікавіліся бацькі. Шмат цікавай і карыснай інфармацыі аб абрэзкавай творчасці яны, па словах педагога, змаглі атрымаць ад бабуль і мам, якія захапляліся ў свой час абрэзкавым шыццём, а іх сем’і і сёння карыстаюцца коўдрамі, прыхваткамі, дыванкамі.

Напрыклад, маці ўдзель­ніцы праекта Сашы Цяліцы падзялілася сакрэтам вырабу абрэзкавай коўдры, якая перадаецца ў іх сям’і з пакалення ў пакаленне.

Сімвалам абрэзкавага шыцця на Глыбоччыне стала абрэзкавая коўдра, якую збіралі з кавалачкаў старых рэчаў, сшытых потым у адно рознакаляровае палатно. Яркая коўдра ўносіла святочнасць у паўсядзённы сціплы побыт сялянскай хаты. Яна была гонарам гаспадыні, сімвалам дабрабыту і заможнасці ў хаце, своеасаблівым абярэгам, які ахоўваў хату ад злых духаў і прыцягваў шчасце.

– Хаты ў Глыбоцкім раёне ўпрыгожвалі яшчэ і посцілкамі на лаўках, малельнымі ды­ванкамі, дыванамі на падлогу з паркалю, так званымі ходнікамі, якімі высцілалі ўсю падлогу. Рэшткі тканіны, старое адзенне не выкідвалі: з рознакаляровых кавалачкаў выраблялі стракатыя навалачкі на падушкі, прыложкавыя дыванкі, посцілкі, – наперабой расказвалі дзяўчынкі, дэманструючы свае веды. – Старая абрэзкавая тэхніка адрозніваецца ад сучаснай. Раней майстры выкарыстоўвалі даматканае палатно. Памер абрэзкаў быў розны, таму малюнак не заўсёды меў выразную форму, але кожная рэч была ў адзіным экзэмпляры, зроблена з душой, а гэта заўсёды мела асаблівую каштоўнасць.

– Абрэзкавыя вырабы актуальныя і сёння. Коўдру можна ўбачыць, напрыклад, на карцінах беларускай мастачкі Ганны Сілівончык, жывапісныя фантазіі якой параўноўваюць са стылем Марка Шагала. Гэта наглядныя дапаможнікі па гісторыі побыту глыбачан, якія могуць стаць крыніцай натхнення пры рэалізацыі творчых ідэй у аздабленні адзення і хатняга дызайну,– падвяла вынік праведзенай работы Ірына Пачкоўская.

 Калектыўная творчая работа «Цяпло роднай хаты» была прадстаўлена на розных раённых мерапрыемствах, майстар-класах, семінарах, круглых сталах і выставах.
З трэцяга рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых работ навучэнцаў гурткоўцы вярнуліся з дыпломам і перакананнем, што абрэзкавае шыццё і сёння цікавае і актуальнае.

Фота дадзена Цэнтрам дзяцей і моладзі.