Сення ва Ушачах пройдзе пахаванне народнага паэта Рыгора Барадуліна
Автор: Витебские вести. Дата создания:
Другога сакавіка на 80-м годзе жыцця не стала народнага паэта Беларусі, перакладчыка, эсэіста, апантанага збіральніка ўшацкага фальклору, слыннага нашага земляка Рыгора Барадуліна.
У літаратуры ён дэбютаваў у 1959 годзе зборнікам «Маладзік над стэпам». З таго часу было выдадзена звыш паўсотні кніг Рыгора Барадуліна. Сярод самых вядомых – «Вечалле», «Аратай, які пасвіць аблокі», «Маўчанне перуна», «Самота паломніцтва», «Міласэрнасць плахі», «Трэба дома бываць часцей…», «Ксты», «Евангелле ад мамы» і іншыя. Многія пранікнёныя вершы класіка перакладзены на розныя мовы, шэраг сталі песнямі. А летась свет пабачыў унікальны «Вушацкі словазбор», заснаваны на запісах слоў і выразаў, якія ўжываюцца на яго любай радзіме – Ушаччыне, і якія ён збіраў усё сваё жыццё. Наш зямляк быў апошні, каму прысвоена пачэснае званне народнага паэта Беларусі.
У сваіх творах Рыгор Барадулін паўстае паэтам вялікай эмацыянальнай сілы, самабытнай метафарычнасці, непаўторнага майстэрства. Яго важкая літаратурная спадчына прысвечана Беларусі, Ушаччыне, Маці, адрасавана ўсім нам.