Автор: . Дата создания:

Свой дом Ія і Леанід Плюто пабудавалі, можна сказаць, у рэкордна кароткі тэрмін. Так хацелася шматдзетным бацькам мець свой куток, што не лічыліся з часам. Прыспешвалі будаўнікоў, самі шчыравалі на пляцоўцы. Аднак яшчэ адзін год спатрэбіўся на падвод камунікацый, уладкаванне. І толькі сёлета мара здзейснілася — у канцы вясны сям’я пераехала ў прасторны дом на вуліцы Вясенняй у Міёрах.

– Гэта не інтэрнат, дзе туліліся з пяцярымі дзяцьмі не адзін год, – кажа Ія. – Цяперашнія 120 квадратаў для нас харомы, месца хапае для ўсіх. Вядома, яшчэ шмат чаго трэба зрабіць і на двары, і ў доме. Справімся, было б здароўе.

На двары – гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, разбіўка кветнікаў і агарода. У доме – па магчымасці дабаўленне мэблі, стварэнне большай утульнасці для ўсіх членаў сям’і. Дзятва яшчэ малая, падтрымліваць абсалютны парадак практычна немагчыма. Хоць маці і патрабуе ад кожнага сачыць за сваімі рэчамі, прыбіраць цацкі.

Гэта патрабаванне не датычыць, бадай, толькі самай малодшай дачушкі Лізанькі, якой праз два месяцы споўніцца тры гады. Тады Ія выйдзе на працу.

– Ужо хадзіла ў бухгалтэрыю бальніцы, стажыравалася. Водпуск па доглядзе за дзецьмі зацягнуўся. За гэты час многае змянілася ва ўліку. Трэба вучыцца, – адзначае шматдзетная маці і з усмешкай дадае: – Буду з Мацвеем і Максімам па вечарах выконваць хатнія заданні.

Два старэйшыя сыны – школьнікі. Мацвей асвойвае праграму трэцяга класа. А яшчэ захапляецца футболам. У планах бацькоў аддаць яго ў адпаведную секцыю ДЗЮСШ.

Максім сёлета пайшоў у першы клас. Вучобу ўспрымае як цікавую гульню, гаворыць Ія. Не надта спяшаецца збірацца, калі трэба ісці дахаты.

Са школы маці і сын ідуць у дзіцячы сад, дзе іх чакаюць пяцігадовыя двайняты Данііл і Дар’я.

– Захапленняў у дзятвы шмат, але больш за ўсё любяць маляваць. Напэўна, так ім лягчэй пазнаваць навакольны свет, выказваць свае адносіны да яго, – тлумачыць Ія. – Хлопчыкам яшчэ падабаецца мужчынская работа, не адыходзяць ад бацькі, калі ён займаецца хатнімі справамі. Працаваў вадзіцелем аўталаўкі – любілі пакатацца з ім у кабіне машыны. Цяпер ён уладкаваўся на металапракатны завод. Зараз хлопчыкі бясконца распытваюць, як гэта метал можа стаць мяккім і як бацька «скручвае» яго ў рулон, быццам шпалеру. Дашы падабаецца заплятаць коскі Лізе, рукадзельнічаць – не раз шылі з ёй уборы для лялек. Але гэта не азначае, што яна абавязкова стане цырульнікам ці мадэльерам. Інтарэсы мяняюцца. Вядома, будзем дапамагаць выбраць тую прафесію, да якой лягуць сэрца і рукі. Але не менш важна, каб выраслі годнымі людзьмі. Магчыма, гэта адно з тлумачэнняў нашай шматдзетнасці, за што, дарэчы, маю ордэн Маці. Нарадзіўшы пяцярых, мы з мужам думалі, што вольнага часу мець не будзем. Памыляліся. Яго хапае, каб разам пагуляць, пабавіць час на возеры, схадзіць ці з’ездзіць у госці. Бабулі і дзядулі любяць унукаў, з ахвотай сустракаюць, прымаюць нашу дапамогу і шчодра дзячаць за яе прадуктамі з уласных падвор’яў.

Жыццё бяжыць, дзеці хутка растуць. Не паспеем азірнуцца, як пачнуць пакідаць родны дом. Па вялікім рахунку, хочацца аднаго: каб жылі пад мірным небам, не ведалі хвароб і нястачы.