Автор: . Дата создания:


На здымку: Захапляльную гульню засвойвае слесар “Электа” Уладзімір Літвінаў.

На віцебскім прадпрыемстве “Элект” усталявалі першы ў нашай вобласці стол для гульні ў шоудаўн _ своеасаблівы настольны тэніс для інвалідаў па зроку. Спартыўны інвентар атрымалі ў падарунак ад цэнтральнага праўлення БелТІЗа.

Гісторыя захапляльнай і відовішчнай гульні бярэ пачатак з 1960 года, калі канадцы Джо Льюіс і Патрык Ёрк прыдумалі спорт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку. Хутка ён захапіў у сваю арбіту ўсё новых і новых прыхільнікаў у розных краінах і кантынентах. У 1980-м шоудаўн дэбютаваў у якасці паказальнага віду на Паралімпійскіх гульнях у Нідэрландах. Праводзіліся чэмпіянаты свету. Але канчаткова правілы спаборніцтваў былі сфармуляваны толькі ў 2009 годзе.

Невялікі жоўты пластыкавы мяч для гульні нагадвае дзіцячую цацку з-за змешчаных ўнутры металічных шарыкаў, што ствараюць эфект званочка і дазваляюць невідушчаму вызначаць яго месцазнаходжанне. У арсенале гульцоў чорныя акуляры, драўляныя выцягнутыя ракеткі-біты ды спецыяльная пальчатка, накшталт хакейнай. Вось, мабыць, і ўся немудрагелістая экіпіроўка.

Уся “фішка” ў тым, што мячык не лётае, а коціцца, яго трэба закаціць у спецыяльную лузу на палове саперніка, за што можна атрымаць два ачкі. Каб мяч не выкаціўся, стол мае борт вышынёй 14 см. Замест сеткі ў сярэдзіне стала ўсталяваны спецыяльны экран, пад якім і патрэбна правесці гульнявы снарад. Ён жа выконвае і “абарончую” функцыю, калі ў запале хтосьці з сапернікаў крыху не разлічыць удар. Падача абавязкова павінна пачынацца з удара аб борт. Па аднаму ачку можна зарабіць за памылкі апанента: калі мяч трапіць у экран, зваліцца са стала, альбо яко крануцца двойчы ці чымсьці іншым апрача ракеткі. Партыя працягваецца, пакуль хтосьці з гульцоў не набярэ 11 ачкоў.

Аднак некаторыя, нават з ліку інвалідаў, здзіўляюцца, маўляў: ну які ж гэта спорт? Але не будзем забывацца, што праз такі ж скепсіс праходзіла амаль любая ідэя. Узяць таго ж настаўніка фізкультуры, які даўмеўся павесіць кошык на сцяну, каб кідаць у яго мяч. А цяпер гэта культавы для амерыканцаў, ды і не толькі іх адных, баскетбол.

Трэнер-метадыст “Электа” па ўсіх аздараўляльных мерапрыемствах Алег Кірылаў, які ўзначальвае зборную Беларусі татальна сляпых, мае намер дасягнуць вяршыняў і ў новай дысцыпліне. Самае галоўнае, што для таго, каб займацца шоудаўнам, не трэба сілавой падрыхтоўкі, у яго гуляюць людзі ўсіх узростаў і магчымасцяў, а не толькі невідушчыя.

Дарэчы, шоудаўн уключаны ў праграму Рэспубліканскай спартакіяды БелТІЗ, якая адбудзецца ў жніўні. “Элект” яшчэ можна паспець падрыхтаваць сваіх першых чэмпіёнаў. Пакуль жа тут пачалі сваё першынство, удзел у якім бяруць не толькі працаўнікі галаўнога прадпрыемства, але і аршанскага, і, магчыма, полацкага філіялаў.

Фота Алеся Бынькова.