Шведская дзіцячая пісьменніца Юя Вісландэр прадставіла ў Віцебску сваю новую кнігу, перакладзеную на беларускую мову.
Галоўнымі гасцямі сустрэчы са спадарыняй Вісландэр у Віцебску сталі дзеці: спачатку выхаванцы Віцебскага дзіцячага дома, затым малеча са сваімі бацькамі ў бітлз-клубе «Паддашак». Дапамагаў аўтару і гледачам разумець адзін аднаго лялечны тэатр «Лямцавая батлейка», які паказаў п’есу па кнізе пісьменніцы.
– У Беларусі я ўжо ў трэці раз, тут шмат сяброў, адчуваю сябе як дома і прыязджаю заўсёды з вялікім задавальненнем. А вось у Віцебску ўпершыню. Спадабаўся цэнтр горада – вельмі прыгожа! Моцнае ўражанне засталося ад візіту ў дзіцячы дом, ды і ўвогуле ад маленькіх беларускіх гледачоў. Для мяне складана размаўляць з дзеткамі пра сваю кніжку, бо я не ведаю вашай мовы. Таму вельмі добра, што разам са мной выступае лялечны тэатр, – адзначыла Юя Вісландэр, словы якой са шведскай перакладала Надзея Кандрусевіч. Дарэчы, менавіта яна і зрабіла пераклад кнігі «Мама Му ў басейне».
Як паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг, плануецца, што гэты спектакль пабачаць у розных гарадах нашай краіны, пляцоўкамі стануць дзіцячыя дамы, бібліятэкі.
– Вельмі добра, калі адбываюцца мерапрыемствы, якія нас звязваюць. Гэта праяўленне цікавасці Швецыі да Беларусі і наадварот, – адзначыў спадар Оберг. – Нашы краіны многае аб’ядноўвае, значна больш, чым мы самі думаем. У Беларусі шмат ведаюць пра Швецыю, у нас наконт ведаў пра беларусаў ёсць над чым працаваць. Але гэта пачатак узаемных кантактаў. Мы павінны даведвацца больш адзін пра аднаго і далучаць да гэтага ў тым ліку дзяцей.
Фота Вольгі МАСЛОЎСКАЙ.