Вольга і Аляксандр Аўчыннікавы больш за 30 гадоў разам працуюць на жывёлагадоўчай ферме “Паліцы” ДП “ПалітаддзелецАгра” Бешанковіцкага раёна.
Вольга Анатольеўна там не толькі начальнік вытворчага ўчастка, яна – загадчыца складам гаруча-змазачных матэрыялаў, вядзе ўлік кармоў. Жанчына адказвае за жыццядзейнасць фермы, утрыманне жывёлы, сочыць за работай падначаленых. А гэта даглядчыкі-жывёлаводы, пастухі, дзённыя і начныя даглядчыкі, механізатар.
Аляксандр Аўчыннікаў – адзін механізатар на ўсе “Паліцы”. Яго працоўны дзень праходзіць у пастаянным клопаце пра цялят. Гэта вялікая работа –накарміць, напаіць больш за тысячу галоў, падвезці салому. І да кожнага гадаванца — з любоўю і пяшчотай.
На рабоце – жонка начальнік, дома гаспадарыць муж. Жывуць Аўчыннікавы непадалёк, у вёсцы Дабрыгоры. Трымаюць уласную гаспадарку, агарод. А як жа без іх? Ды і дзецям дапамагчы трэба. Малодшы сын Вольгі і Аляксандра працуе таксама ў ДП “ПалітаддзелецАгра”, старэйшы – у Віцебску. Часта да бабулі і дзядулі прыязжаюць ўнукі.
На ферме “Паліцы” больш за тысячу галоў буйной рагатай жывёлы. Сярэднясутачная прывага – звыш за 700 г. Самі ж Аўчыннікавы сціпла кажуць, што яны проста робяць сваю справу. А сакрэт якраз і заключаецца ў рабоце — паўсядзённай, адказнай і добрасумленнай.
Фота Ірыны Хасанавай.