Автор: . Дата создания:

Аляксандр і Таццяна Ніканчук вучаць сваіх дзяцей шанаваць продкаў, любіць Айчыну, працаваць на карысць роднай зямлі.
Шлях да перамогі бацькам асвятлялі тры маленькія сонейкі – Марк, Насця і Сафія.

– Дзеці даюць жыццёвыя сілы і стымул для развіцця, творчасці, – кажа Таццяна. Менавіта яна прыдумала песню, што так закранула душы слухачоў і экспертаў.

У фінале конкурсу сем лепшых сем’яў краіны павінны былі прадставіць на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра свой радавод. Новапалачане ўразілі залу шчырасцю і патрыятызмам. Яны сабралі максімум інфармацыі пра сваіх родных і выкарысталі дарагія сэрцу сямейныя рэліквіі: ручку, якой пісала бабуля-настаўніца, кнігу, што апавядае пра цяжкі жыццёвы шлях аднаго з рэпрэсаваных у сталінскія часы сваякоў, вышыты ільняны ручнік. Успомнілі пра хлеб, які пад страхам быць расстралянай пякла для партызан у вайну бабуля. Пра ўсё распавядалі па-беларуску.

– Нам пашанцавала, – тлумачыць Аляксандр, – што абодва конкурсныя заданні былі нам вельмі блізкімі і цалкам супалі з ладам нашага жыцця. Мы сапраўды шануем свае карані, любім Радзіму. Лічым, што ствараць усё лепшае трэба на сваёй зямлі.

– У дзяцей мы бачым рысы нашых бабуль і дзядуль, – так разумее пераемнасць пакаленняў Таццяна.

Адчуваецца, што ў гэтай сям’і пануюць любоў і гармонія. Калі ўзнікаюць спрэчкі, тут імкнуцца абмеркаваць праблему, выслухаць і зразумець адзін аднаго. Адносіны будуюць на хрысціянскіх каштоўнасцях – павазе, дабрыні, цярплівасці, бескарыслівасці. Так было ў іх бацькоў і дзедаў.

– У гэтых правілах – вялікая мудрасць. Калі чалавек давярае Божаму слову, яно прыносіць яму шчасце. Бог не пакідае нас з праблемамі сам-насам, – разважае Таццяна.

Свайму мужу яна ўдзячная за чуласць, клопат і падтрымку. Аляксандр таксама лічыць, што яму вельмі пашанцавала з жонкай. Дзяцей бацькі імкнуцца выхоўваць на ўласным прыкладзе, шмат займаюцца з імі, развіваюць духоўна і фізічна. 11-гадовы Марк сур’ёзна і адказна ставіцца да вучобы, любіць чытаць, вучыцца граць на гітары і марыць авалодаць майстэрствам брэйк-дансу. 9-гадовая Насця – надзвычай творчая асоба: ходзіць у мастацкую студыю, займаецца фартэпіяна і вакалам, любіць ствараць нешта сваімі рукамі. Жартаўніца і непаседа Соня ўжо ў тры годзікі выяўляе артыстычныя здольнасці.

Ніканчукі з’яўляюцца пры-хільнікамі здаровага ладу жыцця. Летам дзеці гасцююць у вёсцы ў бабулі з дзядулем, дзе прывучаюцца да фізічнай працы. А яшчэ ў сям’і пануе сапраўдны дух творчасці. Аляксандр працуе мастаком УП «Нафтан-сервіс», у вольны час таксама не сядзіць без справы. Напрыклад, упрыгожыў роспісамі сцены пад’езда дома, удзельнічаў у добраўпарадкаванні двара, які стаў пераможцам гарадскога конкурсу, намаляваў плакат «Беражы сябе, тата!», што заняў першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па ахове працы.

Таццяна кіруе багетнай майстэрняй, стварыла пры царкве лялечны тэатр, дае майстар-класы па розных відах рукадзелля. Пра ўсе гэтыя заняткі Ніканчукі распавядалі, раскрываючы другую тэму конкурснага задання ў сацыяльным праекце «Мая краіна – мая сям’я». У прынцыпе, іх перамога была заканамернай. За дапамогу і падтрымку Таццяна і Аляксандр надзвычай удзячныя гарадскім уладам, дырэкцыі, прафсаюзнаму камітэту і ўсяму калектыву ААТ «Нафтан».

А прэмію, атрыманую на конкурсе, яны вырашылі адкласці на будаўніцтва ўласнага дома, перасяліцца ў які мараць са сваёй утульнай, але ўжо крыху цеснаватай трохпакаёвай кватэры.