Автор: . Дата создания:

Сям’я Аляксандра і Людмілы Абрамчыкаў добра вядома ў Шаркаўшчынскім раёне. Жывуць яны ў аграгарадку Германавічы, працуюць на мясцовай малочнатаварнай ферме.

Тры гады назад Абрамчыкі змянілі месца працы і ніколькі не шкадуюць. Людміла раней працавала тэхнічным работнікам у Германавіцкай сярэдняй школе, а Аляксандр – вальшчыкам лесу ў мясцовым лясніцтве. На сямейным савеце вырашылі перайсці на працу ў жывёлагадоўлю, ААТ «Княж». Час паказаў, што зрабілі правільны выбар.

 – Мы нарадзіліся ў вёсцы, з дзяцінства добра ведаем сялянскую працу, не цураемся яе. З Аляксандрам даглядаем маленькіх цялят ад нараджэння да трох месяцаў, – гаворыць Людміла. – У нашым гурце іх 227. Раніцай займаемся ўборкай памяшкання, паеннем і кармленнем жывёлы, сочым за яе станам. Калі заўважаем, што той ці іншы гадаванец не паднімаецца або не есць, то тэрмінова паведамляем пра гэта загадчыку фермы і ветэрынарнаму ўрачу. Вельмі важна, каб маленькія цяляткі заўсёды знаходзіліся ў чысціні і ў цяпле, былі сытыя. Ад гэтага залежаць іх здароўе, прывага і рост. Увечары ідзём на другое кармленне, а яшчэ і днём прыходзім, каб у паілкі падліць вады. Ферма, на якой мы працуем, размяшчаецца непадалёк ад дома, таму дабірацца зручна.

Аляксандр і Людміла сумленна працуюць, бо ўсведамляюць, што ад вытворчых паказчыкаў залежыць грашовы заробак, а ён, дарэчы, у  жывёлаводаў ААТ «Княж» дастойны.

За мінулы месяц сярэднясутачная прывага цялят ў гурце, за якім даглядаюць Аляксандр і Людміла, склала 672 грамы. Гэта лепшы паказчык у раёне.

За сваю працу Абрамчыкі неаднаразова прэміраваліся кіраўніцтвам і прафкамам гаспадаркі. Раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу таксама заахвочвае працавітых жывёлаводаў. 

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.