Адзначаць круглую дату з дня заключэння шлюбу жыхары вёскі Парыж Пастаўскага раёна Вера Іосіфаўна і Іосіф Іосіфавіч Альсевічы (на фота) не збіраліся. Седзячы вечарам перад тэлевізарам, гаспадыня спытала ў мужа, ці памятае, які юбілей у іх на носе. Вытрымаўшы паўзу, мужчына адказаў:
– Не трывожся, дарагая. Памятаю, як убачыў цябе сярод дзяўчат у клубе, як закахаўся, як гулялі вяселле. З колькасці гадоў магу збіцца, а тую залатую пару, і паміраючы, не забуду.
Гадоў з таго часу сапраўды мінула шмат. І вяселле ў іх набліжалася высокай пробы – брыльянтавае, адзначыць якое выпадае далёка не ўсім. А яны дажылі. 60 гадоў прамільгнулі, як адзін дзень. Не помняць, што рабілі тыдзень назад, а вось канец ліпеня – пачатак жніўня 1963-га нібы былі ўчора. У краіне актыўна меліяравалі землі. Брыгада меліяратараў прыехала і ў вёску Мілка, што на Вілейшчыне. У першы ж дзень заезджыя спецыялісты арганізавалі танцы. Вядома, мясцовыя дзяўчаты апранулі свае лепшыя ўборы – і ў клуб. Там і сустрэліся. Іосіф як запрасіў Веру на першы танец, так да канца вечарыны і не выпусціў з рук.
Пяць дзён заляцанняў скончыліся тым, што хлопец папрасіў рукі дзяўчыны.
Іосіфу на той час было 27, Веры – 20. Справіўшы вяселле, пераехалі на Пастаўшчыну, дзе Іосіфу, як аднаму з лепшых трактарыстаў Навадруцкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення выдзелілі ў Парыжы жыллё. У перадавіках ён быў аж да выхаду на пенсію. Сярод шматлікіх узнагарод мае і Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.
У паўсядзённых турботах міналі гады. Іосіф Іосіфавіч на сваім «Кіраўцы» штодня прападаў на балотах. Вера Іосіфаўна спачатку працавала ў будаўнічай брыгадзе, а пасля перайшла на пошту. Некалькі дзясяткаў гадоў разносіла карэспандэнцыю. Хадзіла па 15 – 20 км у дзень.
– І сумкі ў нас былі не цяперашнія, – узгадвала падчас размовы пенсіянерка. – У адну хату заносілі па 3 – 4 выданні. Прэсу чыталі ўсе, пасля абмяркоўвалі, уцягваючы ў такія размовы і нас – паштальёнаў.
А дома чакалі дзеці. Спачатку нарадзіўся Сяргей, потым Ігар. Хлопцы раслі дапытлівымі, дапамагалі бацькам па гаспадарцы, а яна была немаленькая.
– Трымалі дзвюх кароў, цялушак, трох-чатырох свіней, птушку, агарод. Без дапамогі сыноў было б цяжка, – тлумачыла Вера Іосіфаўна.
Толькі дзеці, як птушкі, пакінулі бацькоўскае гняздо. Паехаў вучыцца ў Львоў старэйшы сын. Там скончыў ваеннае вучылішча, служыў у гарачых кропках, мае шматлікія ўзнагароды. Зараз ён, палкоўнік запасу, з’яўляецца старшынёй абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У яго добрая сям’я, двое дарослых сыноў.
– Не бывае дня, каб Сярожа не пазваніў і не спытаў, як мы з бацькам адчуваем сябе, – гаварыла маці. І раптам змоўкла. – Мы жывём, а Ігара няма, пахавалі. Згарэў, лічы, на вачах. Перад тым як легчы ў бальніцу, прыехаў, развітаўся. Напэўна, адчуваў, што больш не ўбачымся.
І праз сем гадоў боль страты не пакідае бацькоў. Таму і свята ў Альсевічаў было са слязамі на вачах. Хацелі ўдваіх ціха пасядзець за сталом, пагаварыць пра пражытыя разам гады, падзякаваць адзін аднаму за вернасць, надзейнасць, спагадлівасць. Выхавалі ж двух добрых сыноў, маюць трох унучак, двух унукаў і дзвюх праўнучак. Аднак сын Сярожа ўсё ж такі ўгаварыў, каб адзначыць свята. А потым яны і радыя былі таму. З’ехаліся родныя з Віцебска, Мінска, Сянно, нават з Анапы. Не абмінула ўвагай і мясцовая ўлада, прыслала з віншаваннямі сваіх прадстаўнікоў. У прывітальным адрасе за подпісам старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка і старшыні райсавета дэпутатаў Пятра Курто было напісана: «Вы прайшлі вялікі і слаўны шлях па жыццёвай дарозе, якая непарыўна звязана з Пастаўшчынай. Дзякуючы мудрасці, адказнасці і адданасці, а яшчэ дабрыні, шчодрасці душы, прыстойнасці змаглі стварыць выдатную сям’ю са сваімі традыцыямі. Дзялілі радасць і гора, жылі каханнем і верай адно ў аднаго, і гэта вера дапамагла перажыць усе нягоды».
Пад гукі марша Мендэльсона старшыня Казлоўшчынскага сельскага Савета Ірына Кукоўская зарэгістравала брыльянтавы шлюб, уручыла пары пасведчанне. Загучалі віншаванні, аднолькава цёплыя і шчырыя.
– Хай збудуцца ўсе, – думалі юбіляры і іх госці.
Фота з архіва сям’і Альсевіч.