Автор: . Дата создания:

«Асаблівыя дзеці даюцца нам не як пакаранне за штосьці, а для таго, каб мы з дабрынёй паглядзелі на свет, пераасэнсавалі свае погляды, учынкі, змянілі сябе». Гэта выснова, якую зрабіла для сябе пастаўчанка Рыта Шылей, вядзе яе цяпер па жыцці і можа служыць прыкладам, як трэба любіць дзяцей, напаўняць іх жыццё радасцю.

 

У сям’і Рыты і Дзмітрыя Шылей расце асаблівая дзяўчынка – прыгажунька і разумніца Сонечка. Менавіта яна перавярнула жыццё бацькоў, якія перажылі ўсё: ад панічнага страху страты яе жыцця да жадання дабіцца яго паўнацэннасці, калі кожны маленькі факт прагрэсу ўспрымаецца як вялікая перамога.

– А як цяжка бацькам, у каго сітуацыя больш складаная, чым у нас? – сказала Рыта. — Дні напоўнены перажываннямі, лекамі, фізічнымі практыкаваннямі, пошукам таго, што аблегчыць жыццё твайго дзіцяці. Вось і захацелася падарыць ім свята.

Так нарадзілася ідэя правядзення ў Паставах фестывалю. Вопыту ў арганізацыі такіх вялікіх мерапрыемстваў Рыта не мела. Але ёй дапамагала столькі людзей, што задума прайшла на ўра.

У мінулую нядзелю спартыўна-турысцкі комплекс «Азёркі» напоўніўся гоманам дзятвы. Прыехалі нават сем’і з Глыбокага і Браслава.

З першых крокаў дзеці акуналіся ў радасныя эмоцыі. Кожны атрымаў прыгожы шар, а пасля мог займацца тым, што яго найбольш зацікавіла. Павучыцца, напрыклад, вырабляць з паперы кветкі, сабраць пазлы, пазнаёміцца ў міні-заапарку з хатнімі жывёламі, пакатацца на кані, пагуляць і патанцаваць, размаляваць твар у майстроў аквагрыму, сфатаграфавацца ў спецыяльных зонах, калі стаміўся – адпачыць на лежаках ці падсілкавацца.

Цяжка словамі перадаць, як мяняўся настрой дзяцей і іх бацькоў, скаванасць у эмоцыях і рухах змяняліся смехам, жаданнем паўдзельнічаць у гульнях, конкурсах, паказаць сябе і свае здольнасці.

А душой свята, якіх не так многа ў жыцці гэтых дзяцей, была Рыта Шылей.

– Але адна я нічога б не змагла, – падкрэсліла яна. – Разам з Анастасіяй Макаед, дзяўчынай з вялікім сэрцам, пайшлі ў райвыканкам, там нашу задуму падтрымалі. Сваю дапамогу прапанаваў рэабілітацыйны цэнтр «Ветразь». Яго галоўны ўрач Сяргей Петухоў даў столькі падказак па арганізацыі свята, пра існаванне якіх мы нават не ведалі. А на самім фестывалі працаваў атрад валанцёраў гэтай установы.

На інфармацыю ў сеціве пра мерапрыемства і патрэбу ў дапамозе адгукнулася мноства людзей. З Масквы прыехаў вядомы вядучы і аніматар Аляксей Грамыка, фотазоны аформілі прафесіянальныя фатографы з Полацка і Паставаў, свой унёсак зрабілі гаспадары мясцовых аграсядзіб, індывідуальныя прадпрымальнікі і прыватныя фірмы. Мама асаблівага дзіцяці з Магілёва перадала зефір і пернікі, а жыхарка Злучаных Штатаў Амерыкі ахвяравала тысячу рублёў.

– Ведаеце, як было радасна, калі на вуліцы, у магазіне ці цырульні знаёмыя давалі грошы на правядзенне свята, – прызналася Рыта Шылей, – а напярэдадні яго прывозілі прысмакі і напоі. Рыбгас «Навінкі» перадаў свежую рыбу, з якой у «Азёрках» зварылі юшку, пагранічнікі на палявой кухні гатавалі кашу з тушонкай. На свежым паветры, пасля рухомых гульняў дзецям усё было смачным.

На канкрэтным прыкладзе Рыта пераканалася, што наўкол многа людзей, якія гатовы займацца дабрачыннасцю, але не ведаюць, як гэта зрабіць. Свята адкрыла ім дзверы для такой дзейнасці, і гэта таксама вялікі плюс.

Не паспеўшы адпачыць пасля першага мерапрыемства, Рыта Шылей ужо выношвае новыя планы. Арганізаваць, напрыклад, двухтыднёвы аздараўленчы лагер для асаблівых дзяцей, для работы з імі запрасіць спецыялістаў-рэабілітолагаў, псіхолагаў, творчых людзей, каб дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам стаць больш упэўненымі, паверыць у сябе. Як, скажам, Сонечка Шылей, якая з радасцю расказвае знаёмым, што запісалася ў секцыю каратэ і хутка стане майстрам усходніх адзінаборстваў.

Фота Аляксея Яцыны.