Автор: . Дата создания:

Кульмінацыяй урачыстасцяў з нагоды 20-годдзя з часу ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі і 10-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай — Валадаркі азёраў папскімі каронамі стала святая меса, якая сабрала ля палявога алтара ў Браславе шматлікіх пілігрымаў з розных куткоў нашай краіны. 20 гадоў у гісторіі дыяцэзіі – узрост малады нават для чалавека, але пэўны этап пройдзены, і ён радуе плёнам. Дзяржава і каталіцкая супольнасць у намаганні зрабіць свет больш чыстым, добрым, навучыць любіць сваю сям’ю і Айчыну ідуць, з’яднаўшы сілы і памкненні. Віцебскі касцёл сваімі пастырскімі, культурнымі і дабрачыннымі ініцыятывамі вядомы ў Беларусі і ў свеце.

У Браславе нарадзіўся і вырас біскуп Алег Буткевіч, у касцёле Нараджэння Маці Божай узрастала яго вера. З Браслаўшчыны пайшлі па дарозе служэння Богу і людзям некалькі дзясяткаў юнакоў, якія цяпер нясуць душпастырскія абавязкі па ўсім свеце. Ксёндз Аляксандр Рагіня – на дыпламатычнай службе Святога Пасада, ксёндз Аляксандр Амяльчэня ўзначальвае беларускую рэдакцыю партала Vatican News і Ватыканскага радыё. Але дзе б ні служылі святары, яны берагуць традыцыйныя каштоўнасці народа, падтрымліваюць сем’і.

Сям’я… Крызіс, які яна перажывае цяпер, трывожыць грамадства і Касцёл. Нездарма сёлетні год у ім прысвечаны менавіта сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі. Урачыстасці ў Браславе праходзілі пад дэвізам «Марыя — Маці і Валадарка шчаслівага сужэнства».

Птушка застаецца птушкай, пакуль лятае, кветка – кветкай, пакуль цвіце, а чалавек – чалавекам, пакуль любіць – Бога, зямлю, дзе жыве, бацькоў, жонку, дзяцей… Калі не стане гэтай любові, ёсць пагроза, што наш край заселяць людзі іншай культуры. На гэтай тэме кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапата Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіўся невыпадкова і прапанаваў шукаць вырашэнне шматлікіх праблем з дапамогай Марыі.

– Хто лепш за яе, – гаварыў іерарх, – ведае цяжкасці штодзённага жыцця, хатніх абавязкаў і праблемы падрастаючых дзяцей? Яна сцеражэ кожнае зачатае жыццё, кожнага народжанага чалавека, і здаровых, і хворых, і самотных. Марыя з’яўляецца Маці і Валадаркай шчаслівага сужэнства, таму будзем прасіць яе апекі для ўсіх беларускіх сем’яў.

Да Марыі прыйшлі тысячы вернікаў, і кожны прасіў для сябе, для сям’і, блізкіх і знаёмых яе апекі на жыццёвым шляху. У большасці сваёй гэта былі маладыя людзі, хлопцы і дзяўчаты, сем’і, якія стрыжань свайго жыцця шукаюць у Богу і веры. Самых першых пілігрымаў на прыступках касцёла сустракаў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч. Дарэчы, усе святочныя дні ён быў сярод людзей, выслухоўваў, падтрымліваў пастарскім словам, служыў месы. І на галоўнай імшы не раз звяртаўся да прысутных са словамі падзякі і пажаданнямі, сярод якіх наказ любіць адно аднаго, берагчы свій саюз быў адным з найгалоўнейшых.

Пра гэта гаварылі і шаноўныя госці свята: генеральны настаяцель сальватарыянаў ксёндз Зонта Мільтан  з Бразіліі, сабраты якога ўжо шмат гадоў нясуць служэнне ў Браславе, пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў  Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Браслаўскага райвыканкама Аляксандр Баданін, іншыя іерархі і свецкія асобы.

З усяго пачутага прысутныя рабілі вывад, што дарогу да дабра і любові пры падтрымцы Марыі трэба пачынаць з сябе, што ўмацаваць падмурак дзяржавы павінны моцныя сем’і, што будучыня нашай краіны за маладымі.

Гэтаму вучыў касцёл сваіх вернікаў увесь год – на моладзевых і сямейных сустрэчах, якія сталі традыцыйнымі на Браслаўшчыне, у пілігрымках па святых месцах, на занятках у школе касцёльнага спеву. Хор пад кіраўніцтвам галоўнага арганіста мінскага катэдральнага касцёла, выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі маэстра Уладзіміра Неўдаха, а таксама арганісткі і кіраўніка хору браслаўскага санктуарыя Іны Сапун упрыгожваў не адну месу ў гэтыя святочныя дні.

З нагоды юбілею дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч узнагародзіў шэраг вернікаў з ліку тых, хто прыклаў найбольш намаганняў па адраджэнні і развіцці касцёла.

Фота Тамары Пашкевіч.