Крыху больш за трыццаць гадоў яго стваральніца Ада Райчонак і паслядоўнікі – настаўнікі і вучні – даследавалі гісторыю родных мясцін, сабралі сотні экспанатаў, арганізавалі пошукавую дзейнасць. Назапашаныя матэрыялы – каштоўны скарб. І перш за ўсё тыя, што тычацца падзей Вялікай Айчыннай вайны: успаміны ветэранаў 1406-га зенітна-артылерыйскага палка, які вызваляў мястэчка, перапіска, якая вялася на працягу 80 – 90-х гадоў мінулага стагоддзя, альбомы, фотаздымкі, кнігі. У адным з лістоў Сяргей Прохараў, які ваяваў у складзе 735-га стралковага палка 166-й стралковай дывізіі, даў наказ: «Подключайте к переписке с ветеранами как можно больше ребятишек. Ведь нас уже скоро не будет, и надо взять всё, что еще мы можем сделать для вас». Гэта настаўленне школа пастаралася выканаць.
У музеі захоўваецца шэраг матэрыялаў аб славутых земляках, аб значных падзеях, якія паўплывалі на лёсы тутэйшых лю-дзей, аб мінулым і сённяшнім раёна. Школьнікі напісалі гісторыю сваёй навучальнай установы, стварылі радаводы сем’яў, сабралі матэрыялы пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, паэтаў і пісьменнікаў – выхадцаў з Шаркаўшчынскай зямлі.
Памяць аб мінулым жыве, і сучаснае пакаленне мае магчымасць сэрцам прыхінуцца да яго. Так нараджаецца любоў да роднай зямлі, мацнее павага да продкаў. Што гэта так, у школе пацвердзяць доўгім спісам тых выпускнікоў, якія сталі супрацоўнікамі музеяў, выкладчыкамі гісторыі, праславілі край працоўнымі здабыткамі.
Мінулы навучальны год для юных музейшчыкаў быў таксама плённым. Глеб Свілёнак з гуртка «Юны экскурсавод» адзначаны за ўдзел у конкурсах дыпломамі II і III ступеняў галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.
Вяртанне моладзі да сваіх каранёў – эфектыўны крок да выхавання патрыятызму. Таму і летам не зачыняюцца дзверы школы і яе музея, куды рэгулярна наведваюцца юныя і сталыя вандроўнікі.
Фота з архіва "ВВ".