Автор: . Дата создания:

Адкрыцця Дома культуры ў Асвеі Верхнядзвінскага раёна чакалі не адзін год. Пацвярджэннем таму была колькасць людзей, што сабралася ў цэнтры гарпасёлка.

У натоўпе яркімі фарбамі ўбораў выдзяляліся члены самадзейных калектываў. Таленавітыя асвейцы разгарнулі выставы ўздоўж будынка. І ўсе чакалі, калі змогуць зазірнуць унутр, бо за тым, як ён мяняўся знешне, маглі сачыць штодня. Літаральна на вачах майстры надавалі сценам сучасны выгляд.

І вось наступіў момант, калі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Васіль Шылаў, якія спецыяльна прыехалі ў Асвею на адкрыццё Дома культуры, а таксама старшыня Асвейскага сельвыканкама Сяргей Навіцкі перарэзалі на ўваходзе ў яго чырвоную стужку. Жыхары гарпасёлка з захапленнем аглядалі сваю новую ўстанову культуры – танцавальную залу, дзе разгарнулі выставы мясцовыя майстры, актавую з прыгожым інтэр’ерам, радамі зручных крэслаў, сучаснай сцэнай. Больш дасведчаныя прыглядаліся да апаратуры – мікрафонаў, узмацняльнікаў, святламузыкі, без чаго нельга атрымаць жаданы гук, стварыць настрой.

Усё гэта праверылі падчас канцэрта. На сцэне салістаў змянялі гурты, гучалі сучасныя і народныя песні. Таксама павіншавалі і ўзнагародзілі напярэдадні прафесійнага свята шэраг работнікаў культуры за заслугі ў захаванні і развіцці народнай творчасці. Сярод іх была і загадчыца Сенькаўскага Дома культуры Любоў Марынская, якой уручылі дыплом ганаровага грамадзяніна Верхнядзвінскага раёна. Хутка споўніцца 40 гадоў яе працы ў ДК, які шырока вядомы не толькі самадзейнай творчасцю, але і сістэмнай работай па ўвекавечанні памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Любоў Іванаўна напісала гісторыю Сенькаўскага бессмяротнага палка, дзе не забыты ніводны з тых, хто змагаўся супраць карычневай чумы. На адкрыцці Асвейскага Дома культуры яе самадзейны калектыў парадаваў гледачоў спевамі народных песень а капэла.

Васіль Шылаў расказаў пра дасягненні раёна ў добраўпарад-каванні, стварэнні новых рабочых месцаў, сацыяльнай сферы і перспектывы развіцця Асвеі. Ён паведаміў, што гарпасёлак уключаны ў абласную праграму развіцця малых гарадоў. За апошнія тры гады ў асвейскую інфраструктуру ўжо ўкладзена больш за 5 млн руб. – адкрыты фірменны магазін масласырзавода, адрамантавана лазня, сёлета адрамантаваны два жылыя дамы, адкрыты ДК.

Рамонт будынка пачалі ў першым квартале, а ў пачатку кастрычніка здалі яго, за кароткі тэрмін стварылі выдатныя ўмовы для працы і адпачынку людзей. Тут размясціліся ДК і бібліятэка, у перспектыве пераселіцца музычная школа. ДК наведвае больш за 1200 чалавек, у ім працуе восем клубных фарміраванняў. У фондзе бібліятэкі амаль 15 тысяч выданняў, якімі карыстаецца больш за тысячу чытачоў, працуе літаратурна-краязнаўчы клуб «Літаратурная гасцёўня».

Праграма візіту прадстаўнікоў абласной улады ў Асвею была насычанай. Уладзімір Цярэнцьеў і Дзмітрый Хома сустрэліся з выпускнікамі мясцовай сярэдняй школы, дзе падчас дыскусіі распытвалі школьнікаў пра іх планы на будучыню, пра тое, што яны хацелі б мець у Асвеі, каб было жаданне вярнуцца сюды пасля вучобы.

Не ўсе з прысутных юнакоў і дзяўчат толькі і мараць з’ехаць у горад. Медыцынскай сястры ці выратавальніку знойдзецца месца і на малой радзіме. Нават навукай можна займацца ў структуры заказніка «Красны Бор». А вось для падлеткаў трэба мець добрую спартыўную базу, студыі для творчага развіцця і заняткаў танцамі.

– Усё гэта будзе рэальным, – запэўніў выпускнікоў старшыня абласнога Савета дэпутатаў. – Ужо ў наступным годзе вучні школы атрымаюць сучасныя і камфортныя ўмовы для вучобы, заняткаў фізкультурай і спортам.

Жыццё дыктуе вырашэння шматлікіх праблем. Адна са злабадзённых – дзяржаўная пабудова і роля ў ёй органаў мясцовага самакіравання пярвічнага ўзроўню. Гэта пытанне таксама было абмеркавана ў ходзе сустрэчы Уладзіміра Цярэнцьева са старшынямі сельскіх Саветаў і сельвыканкамаў Верхнядзвінскага раёна.

Фота Аляксандра АЗЕРСКАГА.