Автор: . Дата создания:

Самай папулярнай зонай для сэлфі стала сёлета ў Браславе пешаходная вуліца, уздоўж якой перад Калядамі зазіхацелі ёлачкі. Кожная па-свойму ўнікальная, сабраная з рознага матэрыялу, упрыгожаная фабрычнымі ці рукадзельнымі цацкамі. Калектыў торфабрыкетнага завода выкарыстаў для яе вырабу сваю прадукцыю, сярод якой схаваў партатыўную калонку. Кожны мог са свайго тэлефона ўключыць музыку, якая яму больш падабаецца. Гімназісты запоўнілі каркас ёлачкі шарамі, дарожнікі сплялі яе з металічнай ленты, работнікі музейнага аб’яднання разам з майстрам, можна сказаць, звязалі з нітак сваю навагоднюю прыгажуню. Адным словам, ёлкі атрымаліся розныя і ўсе прыдатныя для святочнага афармлення вуліц і грамадскіх месцаў, што і хацелі ўбачыць арганізатары раённага агляду-конкурсу крэатыўных навагодніх ёлак – раённыя аб’яднанне прафсаюзаў, арганізацыя “Белая Русь”, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

З 11 прыгажунь журы выбрала тры – торфабрыкетнага завода, СШ №1 і музейнага аб’яднання, стваральнікам якіх і прысудзіла адпаведна першае, другое і трэцяе месцы. Заахвочвальны прыз дастаўся жыллёва-камунальнай службе.

Хоць вынікі конкурсу ўжо і падведзены, ёлачкі засталіся на сваіх месцах і яшчэ не адзін тыдзень будуць “вадзіць” карагод, радаваць маленькіх і дарослых браслаўчан пагружэннем у лясную казку з феямі, карэтамі, зубрам і запрэжаным у санкі аленем…