У чарговы раз Браслаў прымаў сотні паломнікаў, якія прыйшлі ў мясцовую базіліку, каб ушанаваць Маці Божую Браслаўскую – Валадарку азёраў і апякунку зямлі Віцебскай. Урачыстасці з гэтай нагоды праходзілі пад дэвізам “З Марыяй да Бога – шлях надзеі”. Пачаліся яны ў пятніцу вечарам. Надвячоркам у касцел адна за другой пачалі збірацца першыя групы пiлігрымаў. На прыступках касцёла іх сустракалі біскуп Віцебскі Олег Буткевіч і ксёндз-дзекан Станіслаў Мжыглуд. І да вячэрняй службы храм запоўнілі вернікі. Адны за штосьці дзякавалі Маці, іншыя ў думках гаварылі з ёй пра самыя патаемныя жаданні і надзеі. Да яе, як да самага блізкага чалавека, людзі прыйшлі з радасцю і болем, вясёлыя і самотныя, ведалі – яна ніколі не адштурхне, заўсёды зразумее, адорыць спакоем. Вернiкi прынялі ўдзел у канферэнцыі “Марыя – надзея касцёла”, каля ста чалавек атрымалі сакрамент Бежмавання і былі прызнаны сталымі у веры, усе разам прайшлі ў начной працэсіі па вуліцах горада, думкамі, кожным крокам сведчылі сваю веру Госпаду і яго Маці.
Абраз Божай Маці Браслаўской -- першы каранаваны ў Віцебскай епархіі. Гэта прызнанне яго цудадзейнай сілы, аб чым сведчаць хронікі Рымска-каталіцкай царквы 1774 года. Гісторыя абраза пачынаецца на астравах возера Неспіш, на адным з якіх у 15 стагоддзі быў пабудаваны мужчынскі манастыр праваслаўнай канфесіі. Стагоддзямі абраз лічыўся цудадзейным. У 1832 годзе манастыр згарэў. Аднака образ, згодна паданням, уцалеў. Яго знайшлі на суседнім востраве. Адтуль і перанеслі ў алтар Браслаўскага касцёла.
Кожнае дзіця найбольш бяспечна адчувае сябе на руках маці,-– сказаў на другі дзень урачыстасцяў на галоўнай імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. І мы заўсёды гарнемся пад апеку той, што насіла на руках Бога-сына, бо шлях з ёй заўсёды надзейны і разам з тым гэта шлях Надзеі.
Пра Веру, Надзею, Любоў гаварыў у час богаслужэння Апостальскі Нунцый ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, якога хлебам-соллю сустрэлі браслаўскія пілігрымы і прамову якога пра жыццё Маці Божай, як прыклад для нас, слухалі ўважліва іерархі Касцёла і ўсе прысутныя. Ролю касцёла ў выхаванні моладзі, умацаванні сем’яў высока ацаніў у сваёй прамове старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка, які разам са старшынёй райсавета дэпутатаў Нінай Пучынскай бралі ўдзел у святочнай імшы.
Напэўна, кожны па заканчэнні імшы ціха прамовіў: “Тваёй абароне, Маці Божая Браслаўская, аддаёмся”… І не важна было, адкуль ты прыйшоў ці прыехаў, каб пакланіцца святыні браслаўскай зямлі, аднолькава шануемай католікамі і праваслаўнымі, прадстаўнікамі іншых канфесій і нават тымі, хто лічыць сябе атэістам. Ля палявога алтара ў выглядзе карабля яны роўна схілілі галовыі перад абразам той, што нарадзіла Госпада і апякае край ад усіх нягод.
Фота Аляксандр АЗЕРСКІ