Автор: . Дата создания:

Грамадскасць Браслаўшчыны ўшанавала тых, каму па выніках мінулага года прысуджаны ганаровыя званні «Чалавек года» і «Лепшы па прафесіі», каго прызналі «Лепшым сельскім Саветам дэпутатаў» і «Лепшым старэйшынам».

Адзін за другім узні­ма­ліся на сцэну работ­нікі розных сфер, чыё імя на слыху ў раёне. Атрымаўшы дыплом ад старшыні райвыканкама Аляксандра Баданіна, яны фатаграфаваліся на памяць і пад апладысменты прысутных спускаліся ў залу. Хваляваліся ад увагі да сябе, бо многія лічылі, як скажа пазней механізатар СВК «Маяк Браслаўскі» Леанід Балочка, іх узнагароды – гэта і прызнанне плённай работы калектываў, дзе яны працуюць. «Маяк» свеціць не толькі браслаўчанам. Гаспадарка і яе работнікі не раз выходзілі ў пераможцы ці былі прызёрамі абласнога спаборніцтва ў розных намінацыях, а ў раёне на яе долю прыпадае палова ад агульнага аб’ёму прадукцыі, атрыманай усімі сельгаспрадпрыемствамі. 30 гадоў працоўнага стажу самога механізатара звязана з «Маяком», дзе працаваў яго бацька і куды прыйшоў ён яшчэ юнаком. Заўсёды стараўся працаваць на сумленне. Яго «Кіравец» ужо гатовы да выезду ў поле на падрыхтоўку глебы пад веснавую сяўбу. Пазней будзе корманарыхтоўка… і так з года ў год па спрадвечнай сялянскай завядзёнцы – сеяць-убіраць, карміць сям’ю і краіну.

Звання «Чалавек года Браслаўшчыны» былі ўдастоены таксама генеральны дырэктар Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» Міхаіл Чычко, электраманцёр ЖКГ Ігар Грамніцкі, дырэктар замежнага УВП «БЕЛКОКСЛАТ» Уладзімір Фёдараў, галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольга Рудакова, дырэктар Відзаўскага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа Міхаіл Смірноў.

«Лепшымі па прафесіі» ў сваіх сферах былі названы 12 чалавек, тыя, хто даказаў сваё прафесійнае майстэрства лепшымі паказчыкамі працы.

«Лепшым сельскім Саветам дэпутатаў» прызнаны Відзаўскі, адміністрацыйны цэнтр якога стаў пераможцам абласнога спаборніцтва па добраўпарадкаванні, а лепшым старэйшынам Таццяна Зянкова з Мяжанскага сельсавета.

Лепшым з лепшых брас­лаўчан самадзейныя артысты прысвяцілі святочны канцэрт, лейтматывам якога прайшла тэма адзінства народа і дзяржавы.