У адзін з выхадных дзён жыхары Міёр маглі назіраць на прыгарадным возеры рэдкую для марознага (слупок тэрмометра апускаўся ніжэй 20 градусаў) дня карціну: групкамі і паасобку на вадаёме сядзеў не адзін дзясятак рыбаловаў.
Самыя цікаўныя гараджане хутка навялі даведкі. Аказалася, што раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў праводзіць спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы.
Кожны, хто выйшаў на лёд, спадзяваўся на перамогу, а разам з ёй і на прыз, які абяцалі таварыства і гаспадыня магазіна рыбалоўных прылад «У рыбачкі» Іна Гяч.
Лоўля на мармышку аказалася самай папулярнай, ёй выказалі жаданне заняцца 15 дарослых рыбаловаў і шэсць юніёраў. З жэрліцамі прыйшлі толькі 9 чалавек.
Задаволіцца рыбалкай удзельнікі спаборніцтваў наўрад змаглі – на пошук «рыбацкага шчасця» былі адведзены толькі тры гадзіны. Але некаторыя за гэты час здабылі ад кілаграма да двух акунёў ды шчупакоў. У якасці прызоў шчасліўцы атрымалі лёдабур, рыбалоўную скрынку і складное крэсла, набор жэрліц, вядзерца для жыўцоў. Юніёрам уручылі білеты рыбаловаў-аматараў.
Заключным акордам спаборніцтваў стала частаванне гарачымі чаем і юшкай.
Фота з адкрытых крыніц.