Па выніках работы за мінулы год дзевяць жыхароў Міёрскага раёна, што дасягнулі поспехаў у прафесіі, удастоены ганаровага звання «Чалавек года Міёршчыны». А за сем гадоў, што праводзяць ушанаванне лепшых работнікаў краю, яго заслужылі звыш 60 міёрцаў.
Гэта дзякуючы ім, а таксама майстэрству і адказнасці многіх іншых работнікаў, падкрэсліў на адкрыцці ўра-чыстай цырымоніі старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, на Міёршчыне паспяхова рэалізуюцца важныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краю. Мінулы год выдаўся няпростым, але абагаціў вопытам, запомніўся ўсім важкімі вынікамі. Кіраўнік раёна падзякаваў усім за адданасць роднай зямлі і актыўны ўдзел у будаўніцтве будучыні.
– Разам зрабілі нямала, – сказаў ён, – дасягнутае трэба ўмацаваць і рухацца далей яшчэ з большай ініцыятывай і настойлівасцю, каб на Міёрскай зямлі рэалізоўваліся новыя праекты, з’яўляліся вытворчасці.
У сёлетнім спісе лаўрэатаў – людзі, адданыя сваёй справе. Трактарыст-машыніст ВУПКУ
«Міёрскі» Аляксандр Баршчэўскі на працягу апошніх некалькіх гадоў трымаецца ў лідарах на абласных спаборніцтвах сярод камбайнераў па намалоце збожжа. У 2019 годзе заняў другое месца, а ў 2020-м – трэцяе.
Стаж машыніста тралё-вачнай машыны Алега Шупейкі ў Дзісненскім лясгасе набліжаецца да 40 гадоў. 34 гады заняты ў Міёрскім раёне электрычных сетак Аляксандр Яблонскі, Віталь Матэленак – муляр 3-га разраду ў ПМК-55, Мікалай Пацеенак – настаўнік тэхнічнай працы ў Дзісненскай школе.
Сярод уладальнікаў звання – работнікі прамысловасці, медыцыны, індывідуальны прадпрымальнік, старэйшына… Кожны – вядомы чалавек на Міёршчыне, у працоўнай скарбонцы мае багата ўзнагарод, за што і заслужыў павагу землякоў.
Разам з дарослымі прымалі віншаванні і прадстаўнікі маладога пакалення, якім уручылі галоўны ў жыцці дакумент – пашпарт. Новым грамадзянам наказалі стаць дастойнымі прадаўжальнікамі добрых традыцый, працавітасцю і стараннем услаўляць родны край, каб папаўняўся спіс заслужаных людзей.
Завяршыў урачыстасць святочны канцэрт.
Фота з адкрытых крыніц.