Пры Міёрскім раённым Савеце дэпутатаў упершыню ў Беларусі для ажыццяўлення міжнародных праектаў быў створаны грамадскі савет па распрацоўцы і рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця. Неабходнасць яго абумоўлена тым, што на Міёршчыне пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза пачалася распрацоўка першай у нашай краіне Моладзевай стратэгіі ўстойлівага развіцця.
«Калі хочаш ісці хутка – ідзі адзін, калі хочаш дайсці далёка – ідзіце разам» – словы вядомай прыказкі нагадвае каманда праекта. Стварэнне і рэалізацыя стратэгіі – гэта якраз такі выпадак: сумесная доўгатэрміновая вандроўка аднадумцаў у напрамку ўстойлівага развіцця. Як гаворыць менеджар сайта і па сувязях з грамадскасцю Алена Шокель, грамадскі савет створаны дзеля таго, каб прыцягнуць шырокае кола людзей, і перш за ўсё моладзь, да вызначэння і вырашэння праблем, якія хвалююць насельніцтва краю. Першае пасяджэнне паказала, што ідэй, як зрабіць жыццё больш разнастайным, у ініцыятыўных міярчан шмат. Загадчык Язненскай участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч, напрыклад, прапанаваў адсвяткаваць 545-годдзе аграгарадка Язна і 10-годдзе ўнікальнага для Беларусі Фестывалю праваслаўных нядзельных школ.
Былі выказаны меркаванні і наконт таго, што грамадскасць павінна больш актыўна ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні населеных пунктаў, арганізацыі святаў, правядзенні іншых мерапрыемстваў.