Автор: . Дата создания:

Вынікі першага этапу спаборніцтва сярод маладых жывёлаводаў, якое было ініцыявана восенню мінулага года, падвялі райкам БРСМ і ўпраўленне па сельскай гаспадарцы Пастаўскага райвыканкама. Адна з умоў удзелу, як расказала першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Казлоўская, – абавязковае членства работнікаў ферм у моладзевай арганізацыі.

На прапанову паўдзельнічаць адгукнуліся некалькі дзясяткаў даярак і даглядчыкаў жывёлы з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Самай вялікай аказалася група ААТ «Навасёлкі-Лучай», прадстаўнікі якой і сталі лідарамі.

Першае месца заваявала Наталля Ткачова, якая надаіла за два месяцы ад сваіх кароў 33,6 тоны малака. На тры тоны адстала ад яе Алеся Шпілько і заняла другое месца. Трэцяе прысуджана Наталлі Лысовай.

Каб маладыя даяркі заўсёды выглядалі прывабна, райкам БРСМ падарыў кожнай фен.

І сярод даглядчыкаў, занятых на дарошчванні і адкорме жывёлы, таксама лепшымі былі навасёлкаўскія жывёлаводы. Самых вялікіх прываг дабілася Ірына Мельнікава. У снежні яе гадаванцы прыбывалі ў сярэднім за суткі на 759 грамаў. Другое месца ў Аляксандра Жураўскага, трэцяе – у Наталлі Татаранка. Розніца ў прывазе жывёлы склала ў іх усяго 1 грам.

І гэтыя канкурсанты таксама не засталіся без падарункаў. Акрамя таго, усе ўдзельнікі спаборніцтва змаглі пачаставацца вялікім тортам ад райкама БРСМ.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.