Полацк зноў стаў месцам прыцягнення прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку. Сюды з розных куткоў Беларусі, Расіі і нават з Літвы прыехалі больш за тысячу спартсменаў і аматараў бегу, каб прыняць удзел у трэцім начным паўмарафоне “Ласіная сцежка. Старажытны горад”.
Арганізатары начнога паўмарафону – індывідуальны прадпрымальнік Антон Навічэнка, аддзел спорту і турызму Полацкага райвыканкама, ГСА «Беларуская федэрацыя арыентавання»
Полацкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Прыдзвінне».
У гэтым годзе ўдзельнікаў больш у два разы, чым у мінулым. Начны паўмарафон усё больш набірае папулярнасць, прычым не толькі сярод жыхароў Беларусі, але і замежных спартсменаў, якія прыязджаюць на Віцебшчыну, каб паставіць новыя асабістыя рэкорды і выпрабаваць свае сілы.
-Сёлета тэлефон не змаўкаў літаральна ні на хвіліну, столькі было жадаючых прыехаць і паўдзельнічаць, нават тады, калі афіцыйная рэгістрацыя была закрыта, але мы вырашылі даць магчымасць кожнаму далучыцца да нас. Прыемна, што становіцца ўсё больш удзельнікаў з Віцебскай вобласці, бо раней іх была мінімальная колькасць, - падзяліўся Антон Уладзіміравіч.
Але галоўнае, як зазначылі спартсмены, нават не перамогі і асабістыя рэкорды, а сяброўская атмасфера, новыя знаёмствы і атрыманыя эмоцыі.
Дарэчы, арганізатары падрыхтавалі і пазнавальны інтэрактыў “Актыўная адукацыя”. На адной з пляцовак для адпачынку можна было паслухаць лекцыю ад трэнера ўніверсальнай школы бегу Runos Аляксандра Ходана. Ён расказаў прысутным пра падрыхтоўку да забегаў і асноўныя прынцыпы выхаду на пік формы.
Дар’я Ляўко з Гродна:
- Мы са своёй камандай вырашылі прыняць удзел ва ўсіх забегах праекту “Ласіная сцежка”. І вось ужо дайшлі да пятага ў гэтым годзе – начнога паўмарафона. Нам з сябрамі вельмі падабаецца арганізацыя спаборніцтваў, шыкоўныя трэйлы і класныя старты. Сёння мая дыстанцыя 10 км, бягу не на вынік, а каб адчуць асалоду ад атмасферы.
- Упершыню буду прымаць ўдзел у начным паўмарафоне, а вось мае сябры ўжо ў трэці. Пабяжым з хлопцамі 21 км. Паспелі пагуляць па старажытных вуліцах, цяпяр нас чакае начное падарожжа пад светам ліхтароў. Галоўнае, чаго чакаем ад гэтага забегу, - незабыўныя ўражанні і эмоцыі.
Кірыл Лебедзеў, Бараўляны:
-Займаюся бегам тры гады. Прыехаў у Полацк, каб пабіць свой рэкорд. Як і ў мінулым годзе вырашыў паспрабаваць сілы на адлегласці 5 км. Вынік мяне парадаваў – прыйшоў на фініш другім, саступіўшы некалькі секунд свайму былому трэнеру. У наступным годзе абавязкова зноў прыеду сюды, каб ўдзельнічаць у стартах “Ласінай сцежкі”.
Фота аўтара.