Автор: . Дата создания:

"Да вытокаў душой дакрануўшыся"... Так назвалі сваю персанальную выставу добра вядомыя на Віцебшчыне майстры з Шаркаўшчынскага раёна Сяргей і Ганна Рымдзёнкі. 

Яны выставілі ў райцэнтры свае лепшыя работы – новыя і ранейшыя, што па розных падставах сталі самымі дарагімі іх стваральнікам, не былі пакінуты ў фондах розных музеяў, падораны ці прададзены знаўцам штучных вырабаў. Цяпер на іх з ахвотай дзівяцца наведвальнікі, захапляюцца тонкасцю дэталяў, формамі, фарбамі.
Гэтыя словы падыходзяць да вырабаў як ганчара, так і ткачыхі. Кожная рэч – маленькі шэдэўр, што б гэта ні было: жбан, міска, іншы посуд ці тканы ручнік, дыван, посцілка…
Сяргей Леанідавіч больш за 25 гадоў займаецца ганчарствам, збірае і вывучае матэрыялы па гісторыі і традыцыях апрацоўкі гліняных вырабаў. Яго спадарожніца па жыцці Ганна Міхайлаўна на прафесійнай аснове займаецца ткацтвам. Рымдзёнкі не толькі самі адраджаюць старадаўнія беларускія рамёствы, характэрныя для сваёй мясцовасці, але і вучаць гэтаму дзяцей. Германавіцкі Дом ганчара, дзе працуюць, заўсёды напоўнены іх галасамі. Усе разам – сталыя і юныя рамеснікі – захоўваюць і памнажаюць спадчыну продкаў.
Пра прафесіяналізм і жыццёвую пазіцыю Сяргея і Ганны можна меркаваць па той колькасці ўзнагарод, якія маюць. Абодва – неаднаразовыя лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, у розныя гады былі ўдастоены званняў «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», «Чалавек года Шаркаўшчыны».
Планаў у Сяргея і Ганны Рымдзёнкаў на будучыню шмат. Няхай толькі ажыццяўляюцца.

Фота Сяргея РАЙЧОНКА.