Будаўнікі паклапаціліся пра зручнасць пад’езду, пешаходныя дарожкі, дзіцячыя пляцоўкі. Азеляненне – апошні штрых у добраўпарадкаванні тэрыторый. А калі дрэўцы пасаджаны самімі жыхарамі, гарантыя таго, што прыжывуцца і набяруць сілу, больш высокая. Зыходзячы з гэтага райкам БРСМ і будаўнічае прадпрыемства «Рассвет Поставский» выступілі ініцыятарамі акцыі па азеляненні мікрараёна.
Сем маладых сем’яў выйшлі на суботнік, каб закласці ля свайго дома ліпавую алею. Пасадзіць дрэўцы ім дапамагалі ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра і навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Пройдзе зусім няшмат часу, як дрэўцы набяруць сілу, зашапацяць лістотай, будуць радаваць жыхароў мікрараёна непаўторным водарам і стануць напамінам пра добрыя сумесныя справы.
— Закладка ліпавай алеі — частка агульнарэспубліканскага праекта «Парк сямейных дрэў», — расказала першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч, — які два гады таму ініцыявала моладзевая арганізацыя. Маладыя пары імкнуцца не толькі пасадзіць дрэўца з прыемнай нагоды, але і паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні свайго населенага пункта. Упэўнена, што і ў нашым раёне праект атрымае трывалую прапіску.
Фота РК БРСМ.