Сёння ў Шуміліне ў скверы Воінскай славы прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане, прадстаўнікі мясцовых уладаў, грамадскіх арганізацый, арганізацый і прадпрыемстваў Шуміліншчыны сабраліся ля стэлы у гонар воінаў-землякоў, што загінулі, выконваючы воінскі абавязак ў мірны час. 33 гады таму апошні савецкі салдат па мосце праз раку Аму-Дар’ю вярнуўся ў родную краіну. Вайна, якая доўжылася больш за 9 гадоў скончылася. Яна ўнесла жыцці больш за 15 тысяч савецкіх салдат, у тым ліку 771 беларуса.
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў у сваім выступленні адзначыў, што ў Афганістане воіны-інтэрнацыяналісты выканалі свой абавязак перад Радзімай, перад грамадствам, перад сям’ёй, абаранілі інтарэсы сваёй краіны. Мы будзем помніць і шанаваць подзвіг салдат і афіцэраў, якія, не шкадуючы свайго жыцця, выканалі свяшчэнны воінскі абавязак. Іх адносіны да сваёй краіны – прыклад патрыятызму і мужнасці для нашай моладзі, сказаў кіраўнік дэпутацкага корпусу вобласці.
Пра тое, што няма ў свеце нічога страшней за вайну і даражэй за мір, гаварыў удзельнік афганскай вайны, старшыня раённай арганізацыі «Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» маёр у адстаўцы Мікалай Шчарбіцкі. Ён звязаў падзеі далёкага мінулага с сучаснай сітуацыяй вакол нашай краіны, падкрэсліў, што толькі адзінства і згуртаванасць беларускага народа, цесныя сувязі з саюзнікамі па АДКБ служаць гарантыяй міру і стабільнасці, залогам паспяховага развіцця дзяржавы.
Як сімвал нязгаснай памяці пра салдацкі подзвіг у далёкай краіне старшакласнікі СШ №1 райцэнтра паставілі лампадкі да стэлы з імёнамі Андрэя Скобава, Віктара Угнявёнка, Пятра Чуркіна, Івана Сокалава — шумілінцаў, якія загінулі ў Афганістане, выконваючы воінскі абавязак.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да стэлы воінам-землякам.
У гэты дзень кветкі ляглі і да мемарыяльнай дошкі старшаму лейтэнанту Віктару Угнявёнку на доме ў райцэнтры ў завулку, які носіць яго імя. А ў раённай бібліятэцы прайшла сустрэча ўдзельнікаў афганскай вайны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Шуміліна, фота аўтара.