Калі лічылі агульны стаж работы членаў сям’і Якавіцкіх у сельскай гаспадарцы, збіліся не раз. Сённяшні КУВСГП “Асвейскі” за апошнія дзесяцігоддзі не раз мяняў свае граніцы, паглынаў суседнія гаспадаркі. Але разам з дырэктарам Сяргеем Нарубіным сышліся на лічбе 120.
Род Якавіцкіх на Верхнядзвіншчыне мае глыбокія карані. Спрадвеку яго прадстаўнікі жылі на зямлі і з зямлі. Таму не дзіўна, што родных мясцін пад уплывам розных абставін не пакінуў Мікалай Якавіцкі, які разам з жонкай Яўгенняй стаў фундаментам моцнай сямейнай дынастыі хлебаробаў. Ён трактарыст, яна – цялятніца з юнацтва аж да выхаду на пенсію. Працавалі спачатку ў калгасе “Дружба”, а пасля ў “Асвейскім”. Нават атрымаўшы права на пенсію, Мікалай сядзець дома не стаў. Перадыхнуў, як кажуць, і зноў вярнуўся ў гаспадарку, дзе яго ведалі і паважалі за працавітасць і прафесіяналізм, і не менш за чалавечыя якасці – добразычлівасць і спагадлівасць.
Такая ж працавітая яго жонка. Дзясяткі гадоў даглядала цялят, нарадзіла пяцёра дзяцей. Сям’я трымала вялікую гаспадарку, дзе кожны меў свае абавязкі. А хлопцы, падросшы, на канікулах працавалі і ў калгасе.
Пасля чатыры сыны – Міхаіл, Аляксандр, Дзмітрый і Канстанцін – выбралі прафесію бацькі, сталі механізатарамі.
– І не шкадуем, – сказаў старэйшы з братоў, саракагадовы Міхаіл. – Тата з мамай з маленства сваім прыкладам паказвалі, як трэба шанаваць зямлю. Мы, хлопцы, практычна выраслі ў кабіне бацькоўскага трактара.
– Якавіцкія – работнікі спраўныя, – ахарактарызаваў братоў дырэктар сельгаспрадпрыемства. – Якую б справу ні даручыў, кожную выканаюць якасна. Удзельнічалі ў пасяўной кампаніі, былі занятыя на корманарыхтоўцы, на чарзе – уборка ўраджаю… Тэхніка ў іх заўсёды дагледжаная. Адным словам, іх работай задаволены.
– А мы аплатай, адносінамі кіраўніка да простага чалавека. Кожнаму з нас гаспадарка дала жыллё, усе мы маем свае сем’і, гадуем дзяцей, трымаем гаспадарку. У вёсцы таксама можна жыць заможна. Галоўнае не ленавацца. Тады паспееш і на працы, і дома, – адзначылі браты.
– Яны ў мяне дружныя, – з цеплынёй расказвала іх сястра Марына. Яна таксама засталася ў Асвее, але працуе ў мясцовай бальніцы. – Ва ўсіх па двое-трое дзяцей. Нягледзячы на занятасць у сельгаспрадпрыемстве, трымаюць жывёлу, птушку, агарод. І маці дапамагаюць. Міхаіл найбольш, бо жыве з ёй практычна па суседстве. Разам збіраемся па ўсіх значных святах. Як і ў дзяцінстве, садзімся за стол у бацькоўскай хаце, праўда, цяпер у галаве яго толькі маці.