Автор: . Дата создания:

У Міжнародны дзень роднай мовы беларускі тэатр «Лялька» адчыніў свае дзверы для ўсіх жадаючых дакрануцца да беларускай культуры. На сустрэчы выступіла Вольга Русілка – літаратуразнаўца, паэтка і педагог. У выкананні артыстаў тэатра прагучалі яе песні, вершы і проза.

– Я вельмі ўдзячная гэтаму тэатру, бо ён падтрымаў мяне, калі мне было фізічна цяжка і маральна няпроста. Я нават не думала, што працаваць тут будзе так прыемна і радасна. Справа ў тым, што ў гэтым доме беларуская мова жыве. Жыве кожны дзень, жыве не служкай, не беднай сваячкай, на якую часам не звяртаюць увагу, а жыве паўнаправнай гаспадыняй. Мне роднымі сталі ўсе, хто тут працуюць, бо яны шануюць родную мову, яны нясуць яе ў свет і вельмі беражліва да яе ставяцца. Беларуская мова для мяне – гэта і любоў, і прафесія, і само жыццё, – заўважыла пісьменніца.

Вольга Іванаўна прэзентавала сваю новую кнігу «Котра», якая выйшла ў свет у 2025 годзе. Котра – рэчка, на беразе якой стаіць родная веска пісьменніцы. Вольга лічыць неабходным, каб Радзіма адчувалася як нешта дарагое і вельмі важнае.
– Ці ёсць у беларускай мовы будучыня? У маю маладосць беларуская мова была мовай вясковых людзей. Тых, хто размаўляў на ёй, называлі «деревней». Сёння мова перайшла ў больш інтэлегентнае маладое асяроддзе. Нашу мову 300 гадоў забаранялі, а яна ўмудрылася не памерці. Яна будже жыць і далей. У гэтым я абсалютна цвёрда ўпэўнена. І будзе яна роднай для многіх. – сцвярджае Вольга Русілка.

Сваімі ўражаннямі падзялілася ўдзельніца мерапрыемства Улада: «Родная мова – не проста сродак камунікацыі. Гэта мова, на якой размаўлялі мае продкі, мова, на якой размаўляю і я. Да таго, як Вольга Іванаўна пачала выкладаць ў мяне на першым курсе, я нават і не думала, што столькі ўсяго цікавага ёсць у нашай мове. Беларуская мова для мяне – ключ да разумення багатай беларускай літаратуры, фальклору, музыкі і нашай спадчыны, гэта частка мяне самой, мой гонар і скарб».

Скончылася сустрэча казкай-прыпавесцю Уладзіміра Караткевіча «Кацёл з каменьчыкамі» у пастаноўцы Марыі Кавалёвай.

Злата Шаўчанка, фота аўтара.