Автор: . Дата создания:

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка ўручыў ордэн Маці Наталлі Апяцёнак з вёсцы Масар Глыбоцкага раёна. Віншуючы жанчыну з узнагародай, Уладзімір Паўлавіч захапляўся яе мацярынскімі памкненнямі, жадаў сям’і далейшага папаўнення, шчаслівага жыцця на Глыбоцкай зямлі.

Наталля і Дзмітрый Апяцёнкі паважаныя ў Мосары людзі. Маладыя, працавітыя, прыветлівыя, гадуюць пяцярых дзетак.

Такіх бы сем’яў пабольш, і дзяржава не мела б праблем,-- характарызуючы Апяцёнкаў сказала адна з суседак.

У размове Наталля прызналася, што яна шчаслівая жонка і маці, якой лёс падарыў клапатлівага мужа і бацьку дзецям, а ў сваёй цяперашняй сям’і яна знайшла тое, што не даатрымала ў бацькоўскай.

Яна, дзяўчына з-пад Віцебска, паехала ў Полацк, каб вывучыцца на швачку. У каледжы пасябравала з аднагрупніцай з Глыбокага, да якой ездзіла пагасціць. Сяброўка і пазнаёміла з Дзмітрыем. Сказаць, што закахалася з першага погляду, не можа. Сябравалі, прыглядаліся адзін да аднаго.

– Дзіма пакарыў мяне ўвагай, – кажа Наталля. – Магу сказаць так: ён мяне вывучыў, паставіў на ногі і ажаніўся. Было гэта чатырнаццаць гадоў таму назад. А сёння мы маем свой дом, гадуем пяцярых дзетак, жывём у ладзе і згодзе.

Наталля са шматдзетнай сям’і. Таму, кажа, пяцёра сваіх яе не палохаюць. Усіх выгадуюць, вывучаць. Старэйшы сын Аляксей пойдзе ў дзявяты клас, вучыцца добра, цікавіцца гісторыяй і багата часу праводзіць у музеі. Старанны, паслухмяны, памочнік бацьку і маці, малодшым брату і сёстрам. Яўген у адрозненні ад брата – хлопчык рухомы. Гуляе ў футбол, валейбол, настольны тэніс, займаецца лёгкай атлетыкай. Расце спартсмен, кажа маці. Жадае вывучыцца на настаўніка фізічнай культуры.

Трэцяй нарадзілася Маргарыта. Яна пойдзе толькі ў трэці клас. Любіць танчыць, спяваць, просіць запісаць у музычную школу.

Вядома, яе просьбу задаволім. У наступным навучальным годзе як раз у нас будуць набіраць харэаграфічную групу. Пачуццё рытму, развіццё пластыкі яшчэ не зашкодзіла ніводнай дзяўчыне, – пераканана маці.

Сярожку 6 гадоў, але сёлета яго яшчэ не будуць адпраўляць у школу. Бацькі лічаць, хай падрасце, паразумнее, стане гатовым да вучобы. Дзіцячы садок пры школе добры, там і будзе рыхтавацца да навучання. Самай малодшай Ангеліне яшчэ няма двух гадоў. Расце не ведаючы клопату. Малую песцяць усе.

У гэтай дружнай сям’і вялікая гаспадарка. Гароднінай забяспечваюць сябе з уласнага агарода. Трымаюць свіней, трусоў, курэй. Хацелі абзавесціся каровай, але, як кажа Наталля, купленая жывёліна не пайшла ў руку. Таму да гэтага намеру вернуцца крыху пазней. А пакуль Наталля гаспадарыць у доме, Дзмітрый адказвае за хатнюю жыўнасць.

У свій час маладым сваякі падарылі пустуючую ў вёсцы сядзібу. Сёлета Апяцёнкі скончылі рэканструкцыю хаты. Гмах атрымаўся на 120 квадратаў, месца хапае ўсім. Цяпер яны добраўпарадкоўваюць сядзібу. Наталля вельмі любіць кветкі, але ж галоўным дызайнерам і кветкаводам з’яўляецца Дзмітрый. Не адзін год ён працуе рабочым зялёнага будаўніцтва культурна-дэндралагічнага комплексу «Мосар» і ў той прыгажосці, што створана ў ім, ёсць і яго ўклад.

Дарэчы, бадай, няма ў вёсцы чалавека, хто не прыклаў рукі да  стварэння парка. Апяцёнкі не выключэнне. Як і ў многіх іншых, іх жыццё працякае побач са святыняй. Сыны – міністранты, бацькі шчырыя парафіяне.

--Усе роўна ходзім пад Богам,-- кажа Наталля. –Магчыма, Лёша стане, як марыць цяпер, свяшчэнаслужыцелем. Знойдуць дарогу ўсе нашы дзеці. Для мяне з мужам галоўнае, каб раслі здаровымі і шчаслівымі, каб ніхто і нішто не сапсавала іх дзяцінства.

Фота Анастасіі Станкевіч