Віктар ВАСЮКОВІЧ, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу:
– Канстытуцыя – гэта галоўны закон нашага жыцця, на аснове якога прымаюцца прававыя акты для розных сфер грамадскай дзейнасці, а таму ён павінен адпавядаць часу, запытам грамадзян, быць сто разоў вывераным, паўнамоцным і абавязковым для выканання ўсімі беларусамі, незалежна ад іх пасад, званняў, сацыяльнага статусу. Таму лічу, што ў абмеркаванні тэксту з папраўкамі павінны прыняць удзел як мага больш жыхароў краіны. Плюралізм думак – прыкмета дэмакратычнага развіцця краіны і залог выніковай работы.
Азнаёміўшыся з тэкстам, я адзначыў для сябе асноўныя пазітыўныя моманты. Першае: дзяржава ў якасці адной з базавых каштоўнасцей прапануе захоўваць нацыянальную самабытнасць. А яна, лічу, праяўляецца праз традыцыі, гісторыю, народныя промыслы і праз родную мову. Мы не павінны саромецца сваёй мовы. Калі колькасць яе носьбітаў павялічыцца, беларуская самабытнасць умацуецца.
Другое: падтрымліваю ідэю аб захаванні гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, але хачу дадаць, што подзвігам было і пасляваеннае адраджэнне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, культуры, і ліквідацыя вынікаў Чарнобыльскай аварыі.
Трэцяе: важна тое, што Беларусь выключае агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах іншых дзяржаў. Гэта ў чарговы раз пацвярджае міралюбівы характар дзяржаўнай палітыкі і гарантаванае права на неўмяшанне ў справы краін-суседак.
Чацвёртае: у артыкуле 21 у якасці абавязкаў прапісаны сацыяльная адказнасць перад краінай і ўнясенне пасільнага ўкладу ў яе развіццё. Калі ў чалавека сапраўды складаная жыццёвая сітуацыя, дзяржава прадстаўляе яму гарантаваную дапамогу, але каб было з чаго яе чэрпаць, кожны з нас, працуючых, павінен папаўняць фінансавую скарбніцу. Браць – лёгка, аддаваць – цяжка, для многіх – немагчыма, але калі не прывучыць сябе быць сацыяльна адказнымі, можна нажыць хваробу ўтрыманства, небяспечную хранічным спажывецтвам.
Пятае: сацыяльная накіраванасць палітыкі – важны дзяржаўны аргумент для многіх, асабліва для найбольш уразлівых у сацыяльным плане катэгорый насельніцтва. Ветэраны вайны і працы, інваліды, адзінокія састарэлыя людзі, хранічна хворыя, сіроты, шматдзетныя – усім ім, як і раней, будуць аказвацца розныя віды сацыяльных дапамог.
Шостае: у артыкуле 67 прапануецца праводзіць выбары дэпутатаў у адзіны дзень галасавання. Лічу гэта разумным і эканамічна абгрунтаваным рашэннем: сумяшчэнне некалькіх электаральных кампаній у адной сэканоміць і час, і маштабныя сілы грамадскасці, і значныя фінансавыя сродкі.
Сёмае: падтрымліваю я і артыкул 80, дзе сказана пра павелічэнне ўзроставага цэнзу з 35 да 40 гадоў для грамадзян, якія хочуць стаць прэзідэнтам. Ва ўпраўленні краінай спатрэбяцца і жыццёвая мудрасць, і вопыт, а іх у дабаўленай пяцёрачцы год, без сумневу, больш.