Автор: . Дата создания:

Адзвінеў шматгалоссем спеваў, імклівасцю танцаў, гоманам галасоў, напоўнены смакам лета, сонца і спелых ягад “Вішнёвы фестываль” — адзін з самых маладых летніх гулянняў на Віцебшчыне.

Сёлета ён адзначаў толькі першы юбілей – 10-годдзе з часу заснавання. Але тое, што трывала ўпісаўся ў культурнае жыццё краіны, даказаў з года ў год мацнеючай папулярнасцю, колькасцю ўдзельнікаў, якія збіраюцца ў Глыбокім, каб адпачыць душой, атрымаць задавальненне ад мастацкай творчасці гаспадароў і іх гасцей і пакаштаваць знакамітай глыбоцкай вішні. Гэтыя два дні яна— гераіня ўсіх падзей – у творчасці, на стале ў смаку самых розных страў, у колеры жаночых ўбораў… Фестываль стаў сапраўднай візітнай карткай рэгіёна. Ён натхняе творчых людзей на новыя ідэі і задумы, аб'ядноўвае сяброў з розных куткоў нашай краіны і замежжа, прыцягвае моладзь і прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. 

Маштабнасць і ўзровень фестывалю, адзнылі у прывітальным адрасе старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і засведчылі, што мір, сяброўства, добрасуседства, культурны дыялог заўсёды спрыяюць развіццю грамадства. Атмасфера свята нясе людзям самыя добрыя пачуцці і эмоцыі, дапамагае рабіць жыццё больш радасным, а працу – плённай. 

Не бяруся сказаць, колькі чалавек сталі ўдзельнікамі фестывалю, з якіх куткоў краіны і замежжа яны прыехалі. У сваім вандраванні па гораду сустрэла жыхароў практычна ўсіх абласцей краіны, а таксама расіян, вялікую групу экскурсантаў, якія прыехалі з Латвіі. Пазней па абвестках у святочнай калоне ўсе даведаліся, што на фестывалі ёсць творчыя калектывы, якія прадстаўляюць культуру Татарстана і Башкірстана, Кітая і Індыі, Латвіі і Палясціны… Глыбокае ў гэтыя два дні нагадвала мурашнік, насельнікі якога кружылі ў карагодзе між гандлёвых радоў рамеснікаў, па шматлікіх пляцоўках, дзе праводзіліся розныя конкурсы, гульні, станавіліся непасрэднімі ўдзельнікамі інтэлектуальна-прыгодніцкага квэста ”PRO-вішню“, знаёміліся з творчасцю кітайскага мастака Пань Уліцзі і майстроў вобласці па ласкутным шыцці, дзіцячага конкурсу паветраных змеяў, “вішнёвага” вяселля, сустрэч з Вішневай каралевай і яе спадарожнікам баронам Мюнхаўзенам. 

Дарэчы, на фестывалі сустрэла двух каралеў – нашу глыбоцкую і расійскую. Абедзьве з ахвотай фатаграфаваліся з жадаючымі. Ва Увараўскай пацікавілася, ці падабаецца ёй зямля, дзе расце сястра, людзі, што яе культывіруюць. Ксення Абрамава, якая была Каралевай з Тамбоўшчыны расказала, што яна старэйшая ў сям’і. У яе горадзе фестываль існуе некалькі дзесяцігоддзяў, мае крыху іншую скіраванасць. Пра глыбоцкае адгалінаванне роду некалькі год таму даведаліся з Сеціва і папрасілі дазволу прыехаць на свята. Так і пазнаёміліся, заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве і цяпер абменьваюцца дэлегацыямі. Глыбоцкая сёлета гасціла ў іх, а цяпер увараўская прыехала ў Беларусь. Падабаецца свята, і асабліва людзі – прыветлівыя, гасцінныя, творчыя. А Глыбокае -  сапраўдны вішнёвы цуд. Не дзіўна, што тут нарадзіўся “Вішнёвы фестываль”, што яго атрыбутыкай напоўнена жыццё. 

Каля вішнёвай кампазіцыі разам сустракалі яе Вялікасць глыбоцкую Вішнёвую Каралеву, якая пад’ехала ў суправаджэнні світы на шыкоўным лімузіне і з вялікай радасцю аб’явіла аб адкрыцці свята, якое стала брэндам горада. 

На Глыбоччыне існуе легенда, калі дзяўчына марыць выйсці замуж, павінна пайсці пад вішнёвае дрэўца, дакрануцца да ягад і рассказаць пра свае мары. Была шчырай — яны збудуцца, дзяўчына абавязкова выйдзе замуж. А калі вяселле адбудзецца ў дзень Вішнёвага фестывалю, то сям’я будзе жыць шчасліва і ў наступным годзе ў іх абавязкова народзіцца дзіця. Як пацвярджэнне таму Каралева і барон Мюнхаўзен прадставілі сям’ю Аляксандра і Людмілы Белых, якія заключылі шлюб у першы Вішнёвы фестываль, а на дзясяты прыйшлі са сваімі сыночкамі Ягорам і Давідам. 

Захаваць традыцыі пажадала ў гэты дзень яшчэ адна пара, рэгістрацыя шлюбу якіх адбылася ў парку маладажонаў. Гэта яшчэ адзін прывабны куточак райцэнтра. На беразе возера ўстаноўлена шмат цікавых арт-аб’ектаў, аўтары якіх пастараліся перадаць у метале пачуцці закаханасці і вернасці. Тут многія любяць адпачыць, седзячы на лавачках у спакоі падумаць пра іх вечнасць, калі з пакалення ў пакаленне прадаўжаецца людскі род. 

Але вось на цэнтральнай плошчы загучалі фанфары, запрашаючы гледачоў на канцэрт. Толькі перш, чым уступіць сцэну самадзейным артыстам, вядучыя ўзгадалі гісторыю ўзнікнення і станаўлення фестывалю, карані якога былі пушчаны ў 2012 годзе. Менавіта тады на Міжнародным форуме “Імідж Беларусі: час дзейнічаць” была агучана ідэя “Вішнёвага фестывалю”. Сталічныя брэнд-менеджары ўбачылі ў праекце патэнцыял для развіцця падзеевага турызму. 

Узгадалі таксама імя селікцыянера Баляслава Лапыра, які на глыбоцкай зямлі вывеў новы гатунак вішні. Яе саджанцы разыйшліся па ўсім краі, райцэнтр пачалі называць “горад-сад”, цяпер “Вішнёвай сталіцай”. Старт жа фестывалю быў дадзены ў 2013 годзе. З таго часу ў Глыбокім з’явілася серыя інсталяцый і арт-аб’ектаў – “Глыбоцкая вішня”, скульптурныя кампазіцыі “Сям’я” і “Дружба народаў”, рэзідэнцыя Вішнёвай Каралевы. 

“Вішнёвы фестываль”, сцвярджаюць гаспадары, сур’ёзна паўплываў на развіццё мясцовай культуры, натхніў на новыя ідэі. 

З гісторыі вядучыя вярнулі прысутных у дзень сённяшні. На сцэне, мяняючы адзін другога, пелі і танцавалі ўвараўскі эстрадна-фальклорны ансамбль ”Гармонія”, ансамбль беларускай песні «Крынiца» з Латвіі, мастацкія калектывы кітайскіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі, школы класічнага індыйскага танца, фальклорны татара-башкірскі ансамбль ”Лейсен”, ансамбль азербайджанскага танца ”Сары Гялин“. Вішнёвую сталіцу Беларусі прадстаўлялі дзіцячы фальклорны калектыў ”Бульбашыкі“, вакальны гурт ”Глыбоцкія дзяўчаты“ і народны тэатр фальклору ”Цярэшка“. 

Побач са сцэнічнай пляцоўкай людзей цікаўных здзіўлялі глыбоцкія кулінары, майстры. На падвор’ях не было таго, каб гаспадыні не выкарысталі ў стравах чырвоную ягаду. Пірагамі ды караваямі здівілі Вольга Пацяноўская, Зоя Градзюшка, Таццяна Будрэвіч, разьбой па дрэве -  Васіль Ралёнак, смакам мёду - пчаляр Сяргей Кавалеўскі, і ўсе падвор’і – гасціннасцю, песнямі ды жартамі. Госці спрабавалі стравы, цікавіліся рэцэптамі іх гатавання. Асаблівы попыт быў на вішнёвае варэнне, якое таксама на розных падвор’ях мела розны смак. Як гатаваць яго, можна было павучыцца ў рэзідэнцыі Каралевы, дзе гаспадыня і яе памочніцы дзяліліся сакрэтамі надання варэнню патрэбнай гушчыні, смаку. 

З ахвотай смакавалі і набывалі госці згушчонае малако Глыбоцкага МКК. Запатрабаванай аказалася і “Вішнёвая клініка”, дзе можна было памерыць ціск, насычэнне арганізма кіслародам, наяўнасць цукру ў крыві і нават пракансультавацца ў стаматолага. Медыцынскімі паслугамі пакарысталіся многія. 

Адным словам, фестываль быў насычаны яркімі момантамі, прыемнымі ўражаннямі, якія ўдзельнікі свята будуць успамінаць не адзін дзень. 

Фото Тамары ПАШКЕВІЧ.