Шаркаўшчына рыхтуецца прымаць гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята «Дажынкі». Зараз раённы цэнтр нагадвае адну вялікую будоўлю.
Знакавым аб’ектам, які ўзводзіцца ў гарадскім пасёлку, з’яўляецца 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Рабочай. Прадстаўнікі Шаркаўшчынскай ПМК-68 сумесна з будаўнікамі з Глыбокага, Пастаў, Докшыц і Браслава ў наступным месяцы здадуць аб’ект у эксплуатацыю.
Будаўніцтва пачалося ў снежні мінулага года. Генеральным падрадчыкам з’яўляецца Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам. На дадзены момант на аб’екце працуюць яшчэ спецыялісты з суседніх раёнаў. Завяршаюцца работы на даху, браслаўскія будаўнікі займаюцца вонкавым уцяпленнем фасаду, праводзіцца тынкоўка сцен. Дом будзе аснашчаны двума ліфтамі, чаго не было ў пяціпавярховіках, якія будаваліся ў гарадскім пасёлку раней. Кожны дзень на аб’екце задзейнічаны каля 50 чалавек.
Новы выгляд у хуткім часе прыме будынак Шаркаўшчынскага ўчастка паштовай сувязі рэгіянальнага вузла паштовай сувязі г. Глыбокае. Як паведаміў яго начальнік Андрэй Масло, акрамя падраднай арганізацыі ААТ «Белрамбудсувязь» філіял № 3 г. Віцебск, якая праводзіць бягучы рамонт будынка, на аб’екце задзейнічаны і ўласныя работнікі. Сваімі сіламі яны рамантуюць унутраныя памяшканні. Ужо завезена мэбля, якая хутка будзе ўстаноўлена.
– Аб’ект будзе здадзены ў тэрмін, – упэўнены Андрэй Эдуардавіч. – Асноўная частка рамонтных работ ужо праведзена, яшчэ крыху – і адноўлены будынак участка паштовай сувязі адчыніць дзверы для наведвальнікаў.
Набірае тэмпы капітальны рамонт моста праз раку Янку ў гарадскім пасёлку па вуліцы Чырванадворскай. Пераправа, узведзеная некалькі дзесяцігоддзяў назад, цалкам выпрацавала свой тэхнічны рэсурс, і далейшая эксплуатацыя моста стала небяспечнай як для транспартных сродкаў, так і для пешаходаў.
– На дадзены момант на аб’екце працуюць восем чалавек, – адзначыў прараб філіяла «Мостабудаўнічае ўпраўленне № 5» ААТ «Мастабуд» Віктар Прыхожы. – Заказчыкам з’яўляецца Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама.
Папярэдне каля існуючага моста на абодвух берагах ракі былі выдалены дрэвы і шматлікае кустоўе для зручнасці далейшай работы. Спецыялісты і работнікі Шаркаўшчынскага ДБУ-26 займаюцца падрыхтоўкай пляцоўкі для ўстаноўкі часовай пераправы для пешаходаў.
Цяпер дэманціраваны парэнчы, будзе здымацца старое асфальтабетоннае пакрыццё з паверхні моста, каб потым правесці тэхнічны аналіз цэнтральных балак. Праектам прадугледжаны іх капітальны рамонт, крайнія балкі ў абавязковым парадку будуць заменены на новыя, бо ад працяглай эксплуатацыі металічная арматура ў іх моцна пашкоджана карозіяй. Заканчэнне капітальнага рамонту запланавана на люты 2024 года. З павелічэннем аб’ёмаў работ будзе павялічана і колькасць працуючых на аб’екце.
Набірае тэмпы капітальны рамонт моста праз раку Янку ў гарадскім пасёлку па вуліцы Чырванадворскай. Пераправа, узведзеная некалькі дзесяцігоддзяў назад, цалкам выпрацавала свой тэхнічны рэсурс, і далейшая эксплуатацыя моста стала небяспечнай як для транспартных сродкаў, так і для пешаходаў.
Амаль кожны дзень у гарадскім пасёлку працуе тэхніка дарожных арганізацый. На вуліцах і завулках, на прыдамавых тэрыторыях ідзе ўкладка асфальтабетоннага пакрыцця. Разам з работнікамі Шаркаўшчынскіх ДРБУ-131 і ДБУ-26 працуюць і іншыя спецыялізаваныя арганізацыі Віцебшчыны, у прыватнасці ДРБУ-145 Глыбокага.
Падчас пасяджэння рабочага штаба па падрыхтоўцы да абласных «Дажынак» намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус акцэнтаваў увагу прадстаўнікоў дарожных арганізацый на тым, што не толькі вуліцы гарадскога пасёлка павінны быць у належным стане, дарогі раёна таксама трэба прывесці ў парадак. У прыватнасці, Уладзімір Мікалаевіч падкрэсліў, што адрэзак аўтамабільнай дарогі з Дзісны да Шаркаўшчыны каля вёскі Юзэфава патрабуе рамонту.
Дырэктар ДРБУ-131 Вячаслаў Гарбузаў неадкладна накіраваў туды спецтэхніку, і за невялікі прамежак часу работнікі дарожнай арганізацыі ліквідавалі ямы і выбоіны, паклалі новае асфальтабетоннае пакрыццё. Такім чынам, пакрысе ідзе рамонт дарожнага пакрыцця ў шматлікіх накірунках на тэрыторыі раёна.
Па матэрыялах газеты «Кліч Радзімы». Фота Сяргея РАЙЧОНКА.