Автор: . Дата создания:

"Пароль неўміручасці - родная мова" – пад такой назвай прайшла сустрэча з дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігарам Капыловым у Віцебскай абласной бібліятэцы.

Менавіта з прэзентацыі кнігі “Беларуская мова ад “А” да “Я”, падрыхтаванай калектывам інстытута, пачаўся Тыдзень роднай мовы на Віцебшчыне.

Ігар Лявонавіч – наш зямляк, нарадзіўся ў Пастаўскім раёне, – апантаны рупліўца на ніве нацыянальнайнай спадчыны падрабязна спыніўся на дзейнасці старэйшай навуковай установы нашай краіны – Інстытута мовазнаўства. Адным з прыярытэтных напрамкаў з’яўляецца вывучэнне і асвятленне гісторыі нацыянальнай мовы, якая, дарэчы, бярэ пачатак з 1229 года!

- Беларуская мова – старажытная і з’яўляецца адной з высокаразвітых моў свету. У яе слоўнікавы склад зараз уваходзіць каля мільёна слоў! - гаварыць Ігар Капылоў. - У Беларусі жывуць прадстаўнікі розных этнасаў, але амаль 85 працэнтаў беларусаў, і гэта яшчэ раз даказвае, што мова павінна аб’ядноўваць. Сапраўдны патрыёт вырастае выключна на нацыянальных каштоўнасцях.

На сустрэчы сектар камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства прэзентаваў электронныя праекты, якія могуць быць карыснымі і для настаўнікаў, і для навучэнцаў, і для літаратараў. Адзін з самых цікавых — Нацыянальны корпус беларускай мовы, з дапамогай якога можна і расчытваць старажытныя тэксты (у гэтым ужо дапамагае штучны інтэлект), і праверыць граматыку, правапіс, адным словам, цяпер з дапамогай корпусу настаўнік за лічаныя хвіліны можа якасна падрыхтавацца да ўрока. Створана адзіная праграма праверкі беларускай арфаграфіі, якая мае анлайн-версію, а таксама модулі праверкі для розных праграм і аперацыйных сістэм. Выкарыстанне праграмы істотна павялічвае ўзровень пісьменнасці тэкстаў на беларускай мове.

Беларусы з’яўляюцца носьбітамі адной з найстаржытнейшых і наймілагучнейшых славянскіх моў. Сапраўды, нам ёсць чым ганарыцца. Менавіта на беларускай мове ўпершыню ў гісторыі ўсходніх славян у пачатку ХVI стагоддзя друкаваныя кнігі.

Навукоўцы Інстытута мовазнаўства працягнуць мерыпрыемствы Тыдня роднай мовы ў студэнцкіх аўдыторыях віцебскіх ВНУ.

Больш падрабязна чытайце ў друкаванай версіі газеты “Витебские вести” за 21 лютага.

Святлана ДЗЯДЗІНКІНА, фота Дзяніса Васільца.