Каб адчуць гонар за гарадоцкіх медыкаў, дастаткова пагутарыць з расіянамі, якія прыязджаюць да іх на прыём.
Госці ў адзін голас сцвярджаюць, што не шкадуюць грошай на лячэнне ў беларускай глыбінцы. Радуецца гэтаму факту і кіраўніцтва Гарадоцкай цэнтральнай раённай бальніцы: у мінулым годзе на аказанні платных паслуг удалося зарабіць больш за 7 млрд руб. Пазабюджэтныя сродкі дапамагаюць праводзіць мадэрнізацыю і тэхнічнае пераабсталяванне, што, у сваю чаргу, станоўча адбіваецца на асноўнай дзейнасці.
– Галоўная наша мэта – паляпшэнне здароўя мясцовага насельніцтва, – расказаў галоўны ўрач ЦРБ Валерый Самсонаў. – Назіраецца зніжэнне ўзроўню як агульнай смяротнасці, так і ў працаздольным узросце: за пяцігодку гэтыя паказчыкі зменшыліся на 18% і 31% адпаведна.
Валерый Васільевіч упэўнены, што райбальніца здольна вырашаць ускладзеныя на яе задачы і трымае высокую планку па аказанні медыцынскіх паслуг і ўтрыманні пацыентаў. У 2007 годзе ўведзены новы лячэбны корпус, у якім камфортныя двух-, трох- і чатырохмясцовыя палаты з санвузламі і душавымі кабінамі, сучаснае абсталяванне. Працуюць пяць аддзяленняў: радзільнае, дзіцячае, тэрапеўтычнае, хірургічнае і гінекалагічнае.
У 2014 годзе, калі ў Гарадку праводзіліся абласныя «Дажынкі», было значна палепшана амбулаторна-паліклінічнае звяно бальніцы (паліклініка, 6 урачэбных амбулаторый, 18 ФАПаў). Маецца ўсё неабходнае для таго, каб аказваць лячэбна-прафілактычную і рэабілітацыйную дапамогу жыхарам раёна, у тым ліку рэнтгеналагічныя і УГД-апараты, стаматалагічны, анкалагічны і фізіякабінеты.
– Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама мы не адчуваем асаблівых праблем з кадрамі – укамплектаванасць каля 97%. У нас высокі каэфіцыент сумяшчальніцтва – 1,4, але гэта таму, што даём спецыялістам зарабіць, – удакладняе Валерый Самсонаў. – Сярэдняя зарплата ўрача – 11,4 млн руб.
Не забываюць у ЦРБ і аб прафілактыцы, клапоцяцца пра пажылых людзей, асабліва тых, хто жыве адзін. Так, на зімовы час ім прадастаўляюць сацыяльныя койкі.
Фота Дзмітрыя Осіпава.