Автор: . Дата создания:

Прадстаўнікі Выдавецкага дома «Звязда» прэзентавалі ў абласной бібліятэцы зборнік паэтаў Віцебшчыны.

Зборнік паэтаў Віцебшчыны «Зямлі нязгаснае святло»прэзентавалі ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч і ўкладальнік кнігі, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп.

У зборнік, які выйшаў усвет у Выдавецкім доме «Звязда», увайшлі вершы яркіх паэтаў – ураджэнцаў Віцебшчыны Янкі Сіпакова, Алега Салтука і Анатоля Канапелькі. У кнізе сабраныя выдатныя прыклады іх самаадданай творчай працы: вершы пра непарыўную сувязь з малой радзімай і з мінулым, прысвячэнні роднаму слову, пранікнёная любоўная і філасофская лірыка.

– Аўтары, чыі творы ўвайшлі ў зборнік, – заслужаныя ў мастацкай прасторы айчыннай культуры творцы, – адзначыў Алесь Карлюкевіч. – Іх вершы вельмі часта друкаваліся ў перыёдыцы –часопісах, газеце «Літаратура і мастацтва», але даўно не выходзілі кнігамі. Таму мы вырашылі аб’яднаць творы гэтых мастакоў слова ў адным выданні.Гэта творы пра Радзіму, пра вайну, асабістую далучанасць да той ці іншай мясціны. А наколькі знакавае гэта выданне, вырашаць чытачам.

Прагучалі вершы віцебскіх паэтаў. Усіх, хто неабыякава ставіцца да беларускага слова і роднай мовы, чакалі новыя мастацкія і паэтычныя адкрыцці.Выдавецкі дом «Звязда» прапанаваў выставу-продаж кніг.

Зборнік «Зямлі нязгаснае святло»выдадзены накладам 500 экзэмпляраў, яго можна знайсці ў абласной бібліятэцы.

Фота аўтара.