Автор: . Дата создания:

Мемарыял каля вёскі Лаўрынаўка на Глыбоччыне з'яўляецца сімвалам пакут, што выпалі на долю мірнага беларускага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны, сімвалам няскоранасці нашай нацыі.

Мемарыял узнік у гэтым маляўнічым месцы ў 1986 го­дзе, каб увекавечыць памяць спаленых падчас акупацыі населеных пунктаў Глыбоччыны і іх жыхароў, што загінулі разам са сваімі роднымі вёскамі.

Перад абеліскам 17 бетонных пліт з назвамі населеных пунктаў, што былі цалкам знішчаны акупантамі або вельмі моцна пацярпелі ад рук карнікаў. Тады, у 1986 годзе, такіх налічылі сямнаццаць. Аднак з гадамі дзякуючы пошукавай рабоце іх колькасць павялічылася больш чым удвая.

–   Але і гэты спіс цяжка назваць канчатковым, – кажа навуковы супрацоўнік гісторыка-этнаграфічнага музея Ігар Фёдараў. – Вядомы і іншыя паселішчы нашага краю, жыхарам якіх давялося прыняць пакутніцкую смерць ад рук нацысцкіх катаў. У ліку такіх і жыхары вёскі Ліпава Псуеўскага сельсавета, больш-менш спакойнае жыццё якіх скончылася ў красавіку 1944 года з пачаткам буйной карнай аперацыі пад назвай «Веснавое свята».

–   Акупанты спадзяваліся на поўнае знішчэнне Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. На працягу 8 дзён партызаны з 1-й брыгады імя Суворава ўпарта стрымлівалі нямецкія войскі, якія амаль у пяць разоў пераўзыходзілі сілы абаронцаў, але ў выніку былі вымушаны адступіць.

Жыхары вакольных вёсак, разумеючы, што на іх непазбежна абрынецца помста з боку раз’юшаных вялікімі стратамі немцаў, падаліся за адыходзячымі партызанамі. У сваіх хатах з надзеяй на літасць карнікаў былі вымушаны застацца дзеці, старыя і хворыя людзі. Адносіны гітлераўцаў да мірнага насельніцтва добра ілюструе загад камандуючага 3-й танкавай арміі генерал-палкоўніка Георга Ганса Райнгарда: «Непатрэбны элемент, які толькі псуе хлеб, знішчайце. Пакінуць выключна тых, хто можа прынесці карысць нашай радзіме».

Не дзіва, што пасля такіх інструкцый дванаццаць вяскоўцаў былі сагнаны ў адзін з будынкаў і спалены зажыва. Гэтая жахлівая падзея адбылася ў Ліпаве 28 красавіка 1944 года.

Для знішчэння партызанскіх фарміраванняў праціўнік сабраў каля 60 тысяч чалавек, на ўзбраенні якіх было 137 танкаў і бронемашын, 235 гранат, 2 бронецягнікі і каля 70 самалётаў. 

Яшчэ восенню 1942 года ў выніку баявых дзеянняў партызанскіх брыгад ад нацыстаў была вызвалена значная тэрыторыя, на якой утварылася найбольшая ў Беларусі партызанская зона – Полацка-Лепельская. З цягам часу ў склад яе ўвайшла і паўднёва-ўсходняя частка сучаснага Глыбоцкага раёна. Партызаны ўтрымлівалі гэту тэрыторыю больш як паўтары гады і сваімі дыверсіямі на розных участках дарогі сістэматычна зрывалі планы ваенных паставак ворага.

Супраць партызан нямецкае камандаванне ў снежні 1943-га – лютым 1944 года арганізавала пяць аперацый, але ўсе яны не прынеслі поспехаў. Не дасягнуўшы мэты адносна невялікімі сіламі, гітлераўцы прынялі рашэнне арганізаваць буйную карную аперацыю па акружэнні і разгроме ўсіх брыгад. Для знішчэння партызанскіх фарміраванняў праціўнік сабраў каля 60 тысяч чалавек, на ўзбраенні якіх было 137 танкаў і бронемашын, 235 гранат, 2 бронецягнікі і каля 70 самалётаў.

– З аперацыяй «Веснавое свята» – найбольш маштабнай з усіх папярэдніх, што мелі месца на Глыбоччыне, — звязана знішчэнне нацысцкімі карнікамі пераважнай большасці пералічаных вышэй вёсак, – расказвае навуковы супрацоўнік музея. – Адной з такіх была і вёска Латышы Псуеўскага сельсавета. Яна была спалена ў красавіку 1944 года ў самы разгар блакады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. З 17 хат карнікі не пакінулі ніводнай, а яе жыхароў, ведаючы, што падыходы да партызанскіх пазіцый замініраваны, вырашылі выкарыстаць у якасці жывога шчыта. Пра тыя падзеі можна даведацца з успамінаў Ніны Антонаўны Лотыш.

– Я ішла з краю ў першай шарэнзе, – узгадвае жанчына. – Фэліка, яму было паўгода, трымала на руках. А старэйшыя, Мечык і Геня, за мяне ўчапіліся. Ішлі мы моўчкі прама на смерць. Прыціхлі і гітлераўцы, нават лаяцца перасталі. Некаторыя жанчыны, у каго гаспадары былі ў партызанах, ведалі, што праз паўвярсты пачнецца міннае поле, якім атрад ахоўваў падыходы да сваіх пазіцый. 

Не ведаю, што сталася са мною, мусіць, сілу і розум прыдавалі дзеці – дужа хацелася, каб яны жылі. Я нечакана для сябе закрычала: «Бабы, улева, далей міны», і кінулася з дзецьмі ў канаву. Людзей нібы змяло з дарогі. Гітлераўцы і зрабіць нічога не паспелі, яшчэ не апамяталіся, а тут па іх давай нашы паліваць. А мы ў ямах, пад дрэвамі ляжалі ні жывыя ні мёртвыя. Я сваім целам прыкрыла дзяцей. Так і ляжалі, пакуль не стала ціха…

Яшчэ адна жахлівая трагедыя звязана з былой вёскай Шарагі, пра якую стала вядома не так даўно. Не здолеўшы поўнасцю знішчыць партызанскія брыгады падчас аперацыі «Веснавое свята», нацысты вырашылі адыграцца на мірным насельніцтве. Маладых людзей з так званых партызанскіх вёсак масава зганялі на бліжэйшыя чыгуначныя станцыі для адпраўкі ў Германію, а старых і дзяцей 26 красавіка 1944 года сабралі ў дзвюх хатах і адрыне вёскі Шарагі і спалілі.

Цяжка назваць дакладную колькасць ахвяр гэтай страшнай падзеі. Тым не менш глыбачанка Ганна Дзмітрыеўна Кімстач прыгадвала, як аднойчы ў іх доме сабраліся старэйшыя жыхары вёскі і паспрабавалі ўспомніць землякоў, якіх знішчылі гітлераўцы ў Шарагах. Налічылі больш за 150 чалавек. Спецыяльная ж камісія, што менш чым праз год праводзіла следства па фактах ваенных злачынстваў гітлераўцаў, у выніковым акце ўказала нават большую колькасць загінулых у Шарагах – каля 200 чалавек.