Автор: . Дата создания:

У двор  Мяркур’евых – гаспадароў фермерскай гаспадаркі “Гурка” ў Ахрэмаўцах  Браслаўскага раёна  –  трапіць няпроста.  Лепш за сабаку, прывязанаму недзе ў глыбіні, яго сцерагуць   гусакі.  Выцягнуўшы доўгія шыі,  з дзясятак белых птушак  пагражальна шыпелі і не збіраліся саступаць  з дарогі.  На выручку паспяшалася гаспадыня, прыхапіўшы, праўда, таксама мятлу.

– Ці не птушку будзеце разводзіць? – пытаюся ў Вольгі Пятроўны, якая мінулым летам зарэгістравала ў Браслаўскім райвыканкаме фермерскую гаспадарку “Гурка”.

– Не, –  адказала яна. – Плануем развівацца ў мяса-малочным накірунку. Птушкі, куры, трусы, авечкі – для сябе, а лішкі на продаж. Каровамі  толькі абзаводзімся. Пакуль маем  чатырох чорна-пярэстай пароды, купілі цялушку чырвоную,  на выпасе два бычкі. Каб адчуваць сябе эканамічна ўпэўнена, лічу, трэба мець мінімум дзесяць кароў. Магчыма, у наступным годзе і выйдзем на гэты рубеж. Станавіцца фермерам лёгка, бадай, толькі на паперы. У жыцці ж на гэта патрэбныя і сродкі, і час.

Амаль год спатрэбіўся Вользе Пятроўне, каб аформіць дакументы на зямлю. Прызнаецца, што па нявопытнасці крыху пралічылася. Трэба было браць адным участкам, а яна ўзяла некалькімі кавалкамі, што і зацягнула працэс афармлення. Да таго ж 32 гектараў  для запланаванага пагалоўя мала. Патрэбна мінімум паўсотні, каб хапала выпасу, сенажацяў, палёў пад збожжавыя і зернебабовыя…

Па адукацыі Вольга Пятроўна педагог. Скончыла гістарычны факультэт  БДУ, яна спецыяліст музейнай справы.  Вырасла ў лясной вёсцы Замошша на Браслаўшчыне, куды бацькі вярнуліся з Латвіі ў перабудовачныя гады. Сюды, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, прыехала і яна. У раённым краязнаўчым музеі ў той час вакансій не было, пайшла выхавацелем у дзіцячы сад. Але неўзабаве і яго зачынілі.

Выйшла замуж, пераехала да мужа ў Ахрэмаўцы, уладкавалася касірам ў мясцовае аддзяленне “Беларусбанка”.  Потым папрацавала педагогам-арганізатарам у школе і была назначана загадчыцай дзіцячага сада. Жыццё наладжвалася.

Але бяда грукае ў дзверы нечакана. Цяжка захварэла маці, ёй патрабаваўся пастаянны догляд. І Вольга прыняла рашэнне выхаджваць яе, звольнілася з работы. Пасля смерці матулі перажыла дэпрэсію і, каб нечым заняць сябе, з галавой акунулася ў хатнюю гаспадарку  – завяла карову, птушку, занялася агародам і, як кажа, непрыкметна палюбіла гэту простую сялянскую працу. Спачатку вяла асабістую гаспадарку, а два гады назад  зразумела, што гатова стаць  фермерам. Яшчэ год узважвала “за” і “супраць” такога кроку і ўрэшце пайшла спачатку ў сельвыканкам, а потым і да раённай улады.

– Вядома, разлічвала не толькі на сябе. Рашэнне прымалі разам з мужам. Ён у мяне майстар на ўсе рукі. Яму паслухмяныя метал і дрэва. Трэба –  зробіць зруб хаты, складзе хлеў. І гэтак жа добра валодае тэхнікай.  Да моманту рэгістрацыі фермерства меў у сваім парку трактар і прычапны інвентар, патрэбны для апрацоўкі глебы,  нарыхтоўкі сена, бульбасаджалку і бульбакапалку, іншыя прыстасаванні.  Пэўная  матэрыяльная  база была.

Пашыраем механізацыю работ, – падкрэсліла Вольга Пятроўна. – Маю апараты для дойкі кароў, пасе жывёлу электрапастух. Асвойваю перапрацоўку прадукцыі: смятана, масла, твораг, сыры і нават ёгурт атрымліваюцца смачныя. І попыт на іх ужо ёсць. Калі год складзецца добра, будзем  думаць пра далейшае развіццё.

Фото Тамары ПАШКЕВІЧ.