Автор: . Дата создания:

Валянціна Рыбцова на Пастаўшчыне чалавек супервядомы. Хто не знаёмы з ёй асабіста, чуў ці ведае пра яе з публікацый у сродках масавай інфармацыі.

Апошнія пяць гадоў у лютым да старэйшай жыхаркі края адпраўляецца дэлегацыя з райцэнтра. Так было і сёлета. Са 105-й гадавінай з дня нараджэння Валянціну Іванаўну павіншавалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, дырэктар ТЦСАНа Марыя Курто і інш. Разам з гаспадыняй гасцей прымаў яе сын, які жыве ў Падмаскоўі. На малую радзіму прыехаў пабыць з маці, пагутарыць з самым дарагім чалавекам, падтрымаць яе і наталіцца цяплом роднага дома.

На свае гады Валянціна Іванаўна не выглядае. Светлы твар, жывыя вочы, хоць і скардзіцца, што бачыць і чуе ўжо дрэнна. Прычына адна, кажа, старасць. Яна, маўляў, і забірае сілу. У бальніцы ляжала толькі тады, калі нараджала дзяцей. Не паддалася і каранавіруснай інфекцыі, адной з першых правакцынавалася.

На Лынтупшчыне жанчына жыве 102 гады. У 1922-м бацька, які падчас Першай сусветнай вайны быў паранены і лячыўся ў Харкаве, дзе і ажаніўся, вырашыў вярнуцца з маладой жонкай і дачушкай на сваю малую радзіму. Так маленькая Валя апынулася ў засценку Васкаўшчызна. Скончыла сем класаў польскай школы. Пазней вучылася ў Свянцянах на настаўніцкіх курсах, працавала ў вясковых школах, выкладала рускую і польскую мовы. Педагагічнай дзейнасцю займалася і падчас вайны. З асаблівым хваляваннем успамінае знаёмства з камандзірам партызанскага атрада, будучым Героем Савецкага Саюза Фёдарам Рыгоравічам Маркавым.

Якімі цяжкімі былі пасляваенныя гады, расказваць не трэба. На жыццё зноў зарабляла настаўніцтвам. Менавіта ў школе яна ўпершыню ўбачыла свайго будучага мужа, франтавіка Івана. Разам пражылі 64 гады. Выгадавалі дзяцей, якія разляцеліся па свеце. Маці ж не пажадала пакінуць сваю сядзібу, дзе, як кажа, адчувае сябе надзейна. Спраўляцца з хатнімі справамі дапамагае мясцовая сацыяльная служба. Чакае чарговай вясны і плануе, дзе будуць пасаджаны кветкі і агародніна.

– Дасць Бог, яшчэ адзначым 106-ю гадавіну, – гаварыла гасцям на развітанне гаспадыня.

Тамара ПАШКЕВІЧ.

Фота Ганны АНІШКЕВІЧ.