У Дзень роднай мовы аматары беларускага слова напісалі дыктоўку ў абласной бібліятэцы ім. Леніна.
Беларусь далучылася да традыцыйнага міжнароднага свята ў 2009 годзе. Па ўсёй краіне ладзяцца патрыятычна-філалагічныя акцыі і мерапрыемствы, падчас якіх грамадзяне прызнаюцца ў любові да сваёй роднай мовы і пішуць дыктоўкі. Селёта ў абласной бібліятэцы ў Віцебску сабраліся дзясяткі аматараў беларускай мовы, сярод якіх былі як паэты, пісьменнікі, студэнты, так і звычайныя людзі, што з павагай і пашанай адносяцца да нацыянальнай культуры і спадчыны.
- Я заўсёды размаўляю па-беларуску, моцна люблю сваю краіну і мову, імкнуся папулярызаваць яе. Для мяне гэта сэнс жыцця, таму і вырашыла далучыцца да агульнай дыктоўкі. Для мяне натуральна – размаўляць так, як гэта рабілі на нашы продкі, выбітныя пісьменікі і паэты, вядомыя нават за межамі краіны. Хачу, каб гэта стала штодзённым для ўсіх беларусаў, – адзначыла студэнтка другога курса аддзялення беларускай філалогіі філфака ВДУ імя П. Машэрава Наталля Ермакова.
Разам з сяброўкамі-аднагрупніцамі яна прыняла ўдзел у літаратурна-музычнай вечарыне, што папярэднічала дыктоўцы. Дзяўчаты прачыталі вершы, прысвечаныя беларускай мове, а потым разам з усімі напісалі дыктоўку.
Прачытаў тэкст ўдзельнікам мерапрыемства старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржуніверсітэта Юрый Бабіч.
На імпрэзе таксама выступілі віцебкія празаікі і паэты. Адзнакі ўдзельнікам акцыі ніхто не выстаўляў, кожны праверыў сваю работу самастойна. Галоўным вынікам гэтай дыктоўкі была не наяўнасць або адсутнасць памылак, а атрыманая асалода ад сакавітага роднага беларускага слова.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА