Автор: . Дата создания:

Галіна Лонская з аграгарадка Германавічы Шаркаўшчынскага раёна мае фінансава- эканамічную адукацыю. Працавала па спецыяльнасці, але з гадамі прыйшло адчуванне, што яе цягне да іншага, тым больш што з маленства цікавілася творчымі заняткамі.

Першым вырабам для ўпрыгожання ўласнага падворка сталі фігуры лебедзяў, выштукаваныя з цэменту пад стыль арыгамі. Працягу садзейнічала здзіўленне аднавяскоўцаў: бач ты, што атрымалася са звычайнага шэрага матэрыялу! Натхняў і прыклад пенсіянеркі з вёскі Мярэцкія суседняга Глыбоцкага раёна Марыі Фянько, якая фасад сваёй сядзібы аздобіла самаробнымі фігуркамі казачных герояў. І пайшло-паехала. Ландшафтныя лялькі, гномы, анёлы, насельнікі айчыннай фаўны – што толькі не лепіць Галіна Станіславаўна. Ад яе немудрагелістых, цацачных з выгляду вырабаў сыходзіць нейкі па-дзіцячы шчыры наіў. Іх можна бачыць у розных кутках Германавіч: каля касцёла – фігурка анёла, каля аптэкі – доктара, пра якую кажуць, што гэта партрэт мясцовага ўчастковага ўрача, побач з прыватнай карціннай галерэяй і ў Доме культуры – лялькі ў нацыянальных касцюмах, у двары дзіцячага садка – дэкаратыўны конік. І з Тэрытарыяльным цэнтрам сацабслугоўвання насельніцтва ў Шаркаўшчыне суседнічаюць яе кампазіцыі. Аматары творчасці Галіны Лонскай ёсць у Дзісне, Полацку, Мінску.

Аднойчы яна канчаткова вырашыла, што будзе зарабляць на хлеб менавіта гэтым. На ўсялякі выпадак ёсць і надзейны «тыл» – прысядзібная гаспадарка. Першы год, як Галіна Лонская афіцыйна зарэгістравана рамеснікам. Майстэрняй у залежнасці ад пары года служаць хата ці падворак.

Яна не згодна, што цэмент, «штукатурка» – матэрыял не для жаночых рук.

 – Гэта як паглядзець. У працэсе працы цяжкасці не адчуваеш, бо думка і намаганні скіраваныя на вынік. Спачатку рыхтую каркас. Калі з нейкіх падручных матэрыялаў, здолею справіцца сама, калі з металічнай арматуры, то прашу дапамагчы знаёмых зваршчыкаў. Далей кіруюся ўласнымі ўяўленнямі пра той ці іншы вобраз і фантазіяй. А заказчыкі або цалкам давяраюцца майму выбару і густу, або тлумачаць, што ім хочацца, – расказвае Галіна Станіславаўна.

Дарослыя сыны яе справу падтрымліваюць, але далучыцца пакуль не спрабавалі, бо, кажуць, трэба саспець для такога адказнага занятку.

Фота Дзмітрыя Осіпава.