Автор: . Дата создания:

У аздобе хаты егера Віктара Селязня з вёскі Жары Ушацкага раёна адчуваюцца прафесійныя матывы. Сабак з мядзведзямі намаляваў акварэльнымі фарбамі сам гаспадар. Разлапістыя ласіныя рогі і суровыя клыкі дзікоў – яго паляўнічыя трафеі. А на габелене, падараваным у дзень нараджэння зяцем і нявесткай, выява шэрых ваўкоў. Невыпадковы сувенір, асабліва калі ўлічыць, што калегі называюць Віктара Віктаравіча ваўчатнікам. Ён шмат ведае пра драпежнікаў і іх норавы, а яшчэ вельмі цікава, з яскравымі падрабязнасцямі, распавядае.

– Пакажыце мне след, і я прывяду вас да логава. Па адбітку лапы вызначаю, воўк гэта ці ваўчыца, – кажа егер.

Ён патомны паляўнічы. Бацька, які працаваў трактарыстам, у вольны час хадзіў на цецерукоў, зайцоў. Што сабе пакіне, што суседу аддасць.

Мне было гадоў каля 12, калі ён аднойчы прынёс дахаты восем жывых паўтарамесячных ваўчанят. Пасадзіў іх у скрынку, у якой вазілі парасят прадаваць на рынак. Паглядзець на незвычайны трафей збеглася ўся вёска. Пазней звяркоў забралі ў заапаркі. А паляўнічым за такую здабычу выдавалася прэмія, – згадвае пра сваё знаёмства з ваўкамі Віктар Селязень.

На егерскую сцежку лёс вывеў яго не адразу. Крыху папрацаваўшы токарам у Віцебску, Віктар Селязень прайшоў тэрміновую службу наводчыкам у танкавым войску, затым быў вадзіцелем у родным калгасе. Паляванне заставалася як хобі. У 1988 — 1990 гадах па ваўках ён трымаў першае месца ў рэспуб­ліцы. На тыя прэміі набыты швейная машына і каляровы тэлевізар. А ў 1998-м Віктару Віктаравічу прапанавалі стаць егерам Жарскай паляўнічай дачы Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

З першых дзён адчуў, што гэта маё. Сачу, каб не здаралася браканьерства, у сезон ваджу нашых і замежных паляўнічых. Дача мае добрую базу ў Завыдрыне, якой ахвотна карыстаюцца і рыбаловы, і аматары «ціхага палявання» – грыбнікі, ягаднікі, – расказвае Віктар Селязень.

Тэрыторыя складае 16,6 тыс. га. Колькі егер прайшоў па ёй пехатой – не злічыць. Кажа, дужа цікава знайсці след, рухацца па ім, не зважаючы на стому. Снежнай зімой Віктар Віктаравіч зазвычай становіцца на лыжы. А так і на веласіпедзе можна. Не аднойчы за светлавы летні дзень, з 4 гадзін раніцы да 11 вечара, намотваў больш за 115 км, рэкордны паказчык спідометра – 186! І яно ж не па асфальце. Здаралася, на веласіпедзе прывозіў у капкане жывога звязанага воўка. Вага некаторых жывёл дасягае 70 кг. Аднавяскоўцы збіраліся на падворак паглядзець.

Дзівосныя гісторыі адбываюцца ў прыродзе. Неяк увосень, светлай месяцовай ноччу, егер убачыў ваўчыную зграю з васьмі дарослых асобін. Выскачыўшы на пясчаны грэбень, яны моўчкі агледзелі прастору і рушылі прочкі сваім шляхам.

А то з ваколіц вёскі Вострава адзін воўк пастаянна бегаў за 20 км да сарочынскага свінакомплексу. Прыцягвала яма для адкідаў, дзе драпежнік меў спажыву.

Прыкладна, у 1985-м непадалёк ад Жараў жыла ваўчыная пара. Раз-пораз звяры па сваіх патрэбах перамяшчаліся з аднаго лесу ў другі. Віктар Селязень высачыў іх логава з пяццю ваўчанятамі, якім было месяцы па тры. І што цікава: з цягам часу воўк, застаўшыся без сваёй палавіны, расціў малых сам!

Дарэчы, для выхавання гэтых звяроў варта браць шчанюкамі. Самае першае ваўчаня Віктар Селязень пачаў гадаваць, быўшы яшчэ падлеткам.

Гісторыя такая. Аднойчы з братам узялі з сабой па грыбы Шарыка – «ганчара» чорнай масці. Праз нейкі час ён моцна забрахаў. Падыходзім. Спачатку падалося, што сабака спалохаў лісіцу, і тая кінулася ратавацца ў канаву. Калі Шарык выгнаў мокрага звера на сушу, зразумелі – ваўчок. Усунулі яго галавой у рукаў маёй майкі, каб пашчу не надта разяваў, і панеслі дахаты. Сядзеў ціхмяна, але раптам пайшоў дождж, і ён пачаў вырывацца. Аказваецца, намок рукаў і стала цяжка дыхаць. Калі выслабанілі звярку нос, пачаў глядзець на нас даверлі­ва, – успамінае Віктар Віктаравіч незвычайны выпадак.

На падворку ваўчаня даволі хутка стала ручным. З ім ахвотна перафатаграфавалася ці не ўся вясковая дзятва, якой у Жарах было шмат. Па грыбы тым летам Віктар хадзіў не толькі з братам і Шарыкам, але і з ваўчком. Загінуў ён выпадкова: навязаны на цэп, сігануў на загародку, не разлічыўшы сваіх магчымасцей. Плакалі па ім усім малечым «калгасам». Стаўшы дарослым, Віктар Віктаравіч гадаваў ваўчанят для вальераў, у тым ліку Вову, які ўрэшце стаў зоркай Браслаўскага міні-заапарка.

У Жарах Віктар Селязень не адзіны паляўнічы, у іх ліку і двое яго братоў, а трэці гэтым не цікавіцца.

Мая Галіна Пятроўна, як толькі ажаніліся, аднойчы на качку схадзіла і таксама сказала: не! Сын быў ростам ніжэй за зайца, калі я ўпершыню ўзяў яго з сабой, аднак паляўнічым не стаў. А дачка, якая пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума працавала ва Ушацкім лясніцтве і зараз у дэкрэтным водпуску, любіць пахадзіць па лесе. Як і мяне, больш за ўсё, кажа, вабяць зносіны з прыродай, яе прыгажосць і шматлікія загадкі.

Фота Дзмітрыя Осіпава