Автор: . Дата создания:

Сапраўдным турыстычным брэндам Пастаўскага раёна стаў бог маразоў і завей Зюзя Паазерскі. Дзясяткі тысяч дзяцей і дарослых пачынаючы з 2004 года наведалі яго лясную сядзібу. А вось для жыхара райцэнтра Яраслава Зямчонка (на фота) гэты міфічны персанаж стаў нібыта сваім. Не дзіва! Ён жа быў самым першым Зюзем і цэлых пяць гадоў «жыў у шкуры» гэтага дзядулькі.

Аўтар і стваральнік брэнда дырэктар Пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягор Шушкевіч прызнае, што першы Зюзя быў «самы-самы». «Мабыць, таму, што прозвішча адпаведнае: «зіма – Зямчонак», – жартуе Ягор Часлававіч.

Канешне, лягчэй зрабіць копію, часам куды горшую за арыгінал, чаго-небудзь прыдуманага іншымі. Тыя ж бясконцыя Дзяды Маразы і Снягуркі, з рэпертуарам, які ўжо ведаюць на памяць дзетсадаўцы старэйшых груп. У Паставах пайшлі па іншым шляху, адрадзіўшы апісаны ў адным з твораў Уладзіміра Караткевіча вобраз ляснога дзеда. «Зазлуе Зюзя, трэсне булавой аб пень – то ўсе маразы трашчаць так, што носу з хаты не высунуць», – казалі нашы прашчуры.

Да рэалізацыі цікавай ідэі падключыўся раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр народнай творчасці, работнікі якога распрацавалі сцэнарый, праграму, дадалі новыя каларытныя вобразы. Кожны год у тэатралізаваны паказ прыўносілася штосьці новае, змяняліся персанажы, акрамя, натуральна, самога Зюзі, які спачатку два гады меў лясную сядзібу ў Прудніках, а потым пасяліўся ўжо бліжэй да райцэнтра – у фальклорна-міфалагічным комплексе «Азяркі».

«Гэтыя гады ніколі не забудуцца», – згадвае сёння Яраслаў Зямчонак. Шмат было прадстаўленняў, багата гасцей з усіх краёў тут пабывала. Усё ўражвала цікаўных турыстаў. Было прыемна чуць словы падзякі на беларускай мове (а на ёй жа і адбывалася ўсё мерапрыемства) ад замежных гасцей з Венесуэлы альбо Кітая.

Нарадзіўся выканаўца ролі Зюзі ў вёсцы Курды на Пастаўшчыне, хадзіў у Лукашоўскую школу. З дзяцінства любіў спорт, асабліва зімовы: і ў хакей хлопцам гуляў, і на лыжах хадзіў. А як цудоўна было пасля лазні выскачыць зусім без вопраткі ў снег з суседскімі аднагодкамі! Таму і не хварэлі на прастуду, лічыць ён.

Як творчая натура Яраслаў з дзяцінства займаўся музыкай, сам у пяць гадоў навучыўся граць на гармоніку. Ужо ў першым класе выступаў на школьнай сцэне. Пазней скончыў Пастаўскую музычную школу, дзе і сам праз гады настаўнічаў, Віцебскае музычнае вучылішча…

Усё вышэйзгаданае і прыдалося ўвасабленню Зюзі ў сярэдзіне 2000-х. Тры гады рэгулярна бегаў у лесе басанож па снезе ды па марозе, каб дасканала ўжыцца ў вобраз. «Я ж чалавек вясковы, для мяне гэта не нова», – кажа Яраслаў Анатольевіч. Да таго ж сам Стралец па гараскопе, нарадзіўся ў снежні. Як тут снег не палюбіць? Потым, праўда, знайшлі стылізаваныя бутафорскія тапачкі.

На дзіва, насуперак прымаўцы пра першы блін, усё адразу пачало няблага атрымлівацца, «бо мы жылі гэтымі персанажамі», сцвярджае Яраслаў. Але, з іншага боку, пакрысе прыйшла і стома. Пяць сезонаў па 5-6 прадстаўленняў у дзень – гэта вам не жартачкі! Таму нарэшце сышлі, пакінуўшы наступнікам сваю праграму і захаваўшы добрыя адносіны з Ягорам Шушкевічам. Хаця, шчыра прызнаецца «Зюзя», на новых прадстаўленнях ніколі не быў у якасці гледача.

Сёння Яраслаў Зямчонак працягвае працаваць на культурніцкай ніве: акампаніятарам у народным калектыве «Традыцыя» пры Доме рамёстваў «Стары млын» у Паставах. Амаль кожныя выхадныя прыязджаюць турысты. Іх тут і пачастуюць прысмакамі, прыгатаванымі па рэцэптах народнай кухні, і пацешаць цікавай пастаноўкай. У жыхароў раёна карыстаюцца попытам усялякія народныя абрады, вяселлі ў нацыянальным стылі. Замаўляюць нават выезды дадому на юбілеі-карпаратывы. Нікому не адмаўляе «Традыцыя», яна – пастаянны госць на ўсемагчымых зажынках, дажынках і іншых вясковых святах. Але дагэтуль, калі дзядзька Яраслаў крочыць па родным горадзе, месцічы па звычцы, як і раней, атаясамліваюць яго з «Зюзем». Ды і сам ён, як наш спрадвечны калядны бог, дасылае сёння святочны навагодні настрой у кожны куток, у кожную хату роднага краю.

Фота Антона Сцепанішчава