Автор: . Дата создания:

Творчасць Ліліі Радзівонаўны Зарэцкай – майстрыхі з Пастаўшчыны – зачаравала вельмі многіх на сваёй радзіме і ў суседніх краінах.

 

У яе калекцыі некалькі соцень работ. У экспазіцыі раённага Дома рамёстваў, якая нядаўна адкрылася, выстаўлена прыкладна 200 – пачынаючы з першай «Карзіны з кветкамі», якую вышыла 16-гадовай дзяўчынай, і заканчваючы сурвэткай, апошні сцяжок на якой паклала вечарам напярэдадні адкрыцця выставы. Ручнікі, абрусы, падушкі, дываны, абразы, карціны і самыя дарагія сэрцу вышывальшчыцы маштабныя работы «Дрэва жыцця сям’і Лапачонак», «Карта Беларусі», «Вянок паэтаў – класікаў Беларусі», «Гербы гарадоў-пабрацімаў Пастаў», «Карта Пастаўшчыны» занялі некалькі пакояў.

Лілія Радзівонаўна – чалавек, апантаны сваім захапленнем. З іголкай у руках праводзіць па 12 – 14 гадзін. Вышыванне – праца тонкая, карпатлівая і цяжкая.

– Але любімая, – кажа майстрыха. – Па гаспадарцы ўжо нічога практычна сама не раблю, наогул не так часта пакідаю дом – баляць ногі. Жыву тым, што кладу на палатно вобразы, якія малюе фантазія. На белым палатне стаўлю пасярэдзіне крыжык, і паступова ад яго нараджаецца ўзор. Адзін і той жа не паўтараю. Самае вялікае задавальненне — прыдумваць новы. Люблю яркія колеры, што абуджаюць, ствараюць радасны настрой. У мяне ж ён заўсёды добры, калі ў руках іголка. А работы – любімыя дзеці, выпешчаныя, выгадаваныя і пушчаныя ў свет.

Падарункамі яны разляцеліся па Беларусі, Расіі, ёсць у Літве, Латвіі, Польшчы, Германіі, Венесуэле. Нават Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку падчас яго наведвання раёна Лілія Радзівонаўна падарыла карціну «Куточак роднай зямлі».

Усе яе вышыванкі, нібы вясёлка, радуюць вока, праганяюць сум, нясуць станоўчую энергетыку, і жыццё набывае светлыя аптымістычныя фарбы.

«Зачараваная вашым мастацтвам», «Дзякуй за залатыя рукі. Цудоўныя вырабы радуюць вока», «Бог адарыў вас незвычайным талентам. Дзякуй за вашы працавітыя рукі», «Такую прыгажосць можа стварыць толькі чалавек высокай духоўнасці» – такімі запісамі поўніцца кніга водгукаў у Доме рамёстваў.

Шмат узнёслых слоў прагучала і на адкрыцці выставы, якая сабрала людзей, нераўнадушных да народнай творчасці, знаўцаў і проста аднадумцаў, у ліку якіх былі і родныя Ліліі Зарэцкай. А сям’я ў майстрыхі вялікая – пяць дзяцей, 10 унукаў, сямёра з якіх ужо жанатыя, шэсць праўнукаў… Усяго ж на сямейным дрэве жыцця ёй вышыта ажно 116 дубовых лісцікаў-імён, і з кожным годам іх прыбаўляецца. Род разгаліноўваецца, прырастае новымі асобамі, дарагімі яе сэрцу.

– Майстрыха стварыла такі скарб, які не па сіле быў бы і дзясяткам чалавек, – лічыць дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух. – Яго трэба бачыць. І тады зразумееш вялікую ўлюбёнасць Ліліі Радзівонаўны ў людзей, родны край, яе захопленасць, самаадданасць і працавітасць.

Фота Сяргея Вшыўкава