Автор: . Дата создания:

Штогод напрыканцы лета калектыў Браслаўскай ЦРБ папаўняецца маладымі спецыялістамі. Кожны са сваім характарам, амбіцыямі, жаданнем заявіць пра сябе як добрым супрацоўніку.

Фота са старонцы Яўгена Лукашова ў "VK"

Яўген Лукашоў – мінулагодні выпускнік Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта — удала ўліўся ў калектыў рэанімацыйнага аддзялення. Ён уважліва прыглядаўся да работы старэйшых таварышаў, браў усе свабодныя дзяжурствы. І ўсё роўна меў, як кажа, вольны час. Таму, даведаўшыся пра спаборніцтвы мясцовых інтэлектуалаў, сабраў каманду маладых медыкаў. Ужо на першым турніры яны заявілі ранейшым лідарам, што ў іх з’явіўся сур’ёзны сапернік. А неўзабаве і пацяснілі тых. Гэта адна маленькая замалёўка, якая раскрывае характар Яўгена, яго шматгранны ўнутраны свет.

Ён выбраў спецыялізацыю анестэзіёлага і рэаніматолага. Вастрыня пачуццяў у процістаянні жыцця і смерці, калі трэба ў імгненне ацаніць стан чалавека, накладвае свой адбітак на ўрача, робіць дакладнымі яго думкі, рухі, даводзіць сканцэнтраванасць да аўтаматызму. 
Пастаянная напружаная праца патрабуе разрадкі. Яўген знайшоў яе ў музыцы. Некалі ён скончыў музычную школу, але без асаблівага захаплення вучыўся ігры на фартэпіяна, гітары. Потым з’явіліся іншыя інтарэcы. Толькі на трэцім курсе медуніверсітэта зноў узяў у рукі гітару, каб акампанаваць таварышам. 

Патрэба ў музыцы вярнулася ў першы год работы. Пасля цяжкіх дзяжурстваў ён не мог спаць і нечакана для сябе сеў за піяніна. Пальцы пабеглі па клавішах, гадзіна-другая прамільгнулі непрыкметна, музыка прынесла душэўны супакой. 

Яўген Лукашоў на рабочым месцы. Фота Тамары Пашкевiч

— Яна стала для мяне адным з сэнсаў жыцця,— прызнаецца Яўген. — Я адкрыў для сябе новыя імёны кампазітараў, іх творы. Сёлета выпадкова пачуў Філіпа Глаcа і захапіўся. Наша філасофія жыцця і настрой супалі. Яго музыку нездарма параўноўваюць з голасам планеты. У ёй я чую тое, што хвалюе асабіста мяне. Усім гэтым хочацца падзяліцца з іншымі, праз музыку перадаць свае пачуцці: радасць і трывогу за сённяшні свет, стан уласнай душы. Прычым гэта жаданне было такім моцным, што я папрасіў знаёмага арт-дырэктара даць магчымасць выступіць у адным з клубаў Віцебска. Разумеў, што гэта не зусім тое месца, бо сюды людзі прыходзяць весела правесці час, а ты ў гэты момант хочаш перадаць свае эмоцыі, ды яшчэ пры дапамозе сур’ёзнай музыкі, расказаць пра яе аўтара. Расхваляваўся, разнерваваўся. І быў вельмі здзіўлены, калі пасля выступлення пачалі падыходзіць наведвальнікі клуба і дзякаваць за гэты непрацяглы канцэрт. 

Дзякавалі не толькі за пранікнёную музыку і чароўныя гукі піяніна, але і за тое, што Яўген расказаў пра кожнага з кампазітараў, пра іх ролю ў сусветнай класічнай музыцы. 

Пра тое выступленне чуткі дайшлі і да Браслава. З гэтага боку Яўгена тут яшчэ не ведалі, як і таго, што ён не толькі сур’ёзны музыкант, але і сам піша музыку. Цяпер адміністрацыя бальніцы мае намер прэзентаваць урача Яўгена Лукашова жыхарам горада яшчэ і як творцу.

А ён, каб абдумаць далейшае жыццё, выключыў тэлефон і адправіўся ў падарожжа да Белага мора. Няблізкі шлях даў час для роздуму. Вярнуўся супакоены з жаданнем рэалізаваць сябе як доктар і музыкант, а магчыма, і ў іншых іпастасях, якія просяць выяўлення і рэалізацыі.