Ізноў нагода ўспомніць пра валёнкі – снежань. А клапаціцца пра іх, як пра тыя сані са старадаўняй прыказкі, трэба яшчэ з лета, каб не спалохацца раптоўных халадоў. Нават калі зіма выдаецца цёплай, на нашых абшарах ваўняныя боты ніколі не бываюць лішнімі ў вяскоўцаў, дачнікаў, аматараў рыбалкі і шмат каго яшчэ.
– Продкі ведалі, што насіць. Валёнкі – незаменны зімовы абутак, гарантыя здароўя, асабліва для дзяцей. У нас іх трое. Калі дом быў яшчэ са старымі печамі, халоднай падлогай, малыя бегалі ў кароценькіх, як тапкі, валёначках, і ніякіх праблем не ўзнікала. Калі з сынам ідзём катацца з горкі, таксама абуваем. Уся радня імі забяспечана, – расказвае Раіса Фёдараўна.
Сыравіна – айчынная. Нават маючы ў горадзе сядзібу, гадаваць авечак праблематычна. Добра, на Міёршчыне, якраз на супрацьлеглым беразе Дзвіны, багата радні і знаёмых. Жывуць амаль як на хутарах, трымаюць шмат хатняй жывёлы.
Воўну для валёнак трэба нарыхтоўваць толькі вясной і ад авечак звычайных парод, як кажуць у народзе, прасцякоў, што вядуцца тут стагоддзямі. Ад танкарунных раманаўскіх ці мерыносаў цяжка раскатаць. Стрыжэ зазвычай Раіса Фёдараўна, на цэлы год, каб хапіла да наступнай вясны. Гэтую воўну мыць нельга, інакш з яе нічога не атрымаецца, толькі перабраць, высушыць і счасаць. Зручна, што ў Верхнядзвінскім КБА ёсць воўначоска.
А валіць лепей у лазні. Бярозавыя калодкі для будучых валёнак робіць муж Міхаіл Георгіевіч, майстар мясцовай ЖКГ згодна з пасадай і майстар на ўсе рукі па жыцці. Капылы нідзе ж не купіш, а з цягам часу яны разбіваюцца.
– Мой клопат – загатоўкі. Каб атрымаліся гладкія, воўну трэба роўненька раскласці, астатняе, бо далей патрэбны значныя высілкі, выконвае муж. Асабліва пры вырабе вялікіх памераў: намочаная загатоўка ўпітвае літраў 6 вады. З дзіцячымі прасцей, тут і я спраўлюся, – дзеліцца сакрэтамі ўмельства гаспадыня.
За суткі можна вырабіць пару валёнак, а потым яна яшчэ двое сутак сохне. Вось і ўсё. Па чыстым снезе, калі вуліцу не пасыпаюць соллю з пяском, можна бегаць і без галёш. Кажуць, любая рэч, у тым ліку і валёнкі, доўга служыць, калі зроблена з душой.
Раіса Фёдараўна і Міхаіл Георгіевіч –паважаныя спецыялісты ў сваіх калектывах, добразычлівыя суседзі, таленавітыя і працавітыя ўмельцы. Убачыўшы на высокім рачным беразе іх сядзібу са стыльнай брамай, аздобленымі аб’ёмнай разьбой ліштвамі і альтанкай, дагледжанымі вуллямі, адразу разумееш, што належыць яна людзям, улюбёным у жыццё. І знутры дом радуе вока менавіта рукадзеллем гаспадароў і іх дзяцей.
Дзвюх дачок-школьніц і сына-дзетсадаўца вучыць вырабу валёнак пакуль ранавата. Але ўсе трое, як кажа маці, “з рукамі”. Апрача таго, што добра вучацца, дзяўчаткі ўмеюць гатаваць, вязаць шыдэлкам, пруткамі і на шпільцы, вышываць крыжыкам, гладдзю, вяровачкай, петлямі – бісерам, стужкамі і ніткамі, а таксама плесці з бісеру. На першае верасня ў школу апрануліся ў вышытыя сваімі рукамі белыя блузкі. Па блаславенні святара вышываюць абразы. Ювелірны бісер у чатыры разы драбнейшы за звычайны, што вымагае карыстацца спецыяльным павелічальным шклом. Рамкі для ікон зрабіў з ліпы і аздобіў дзівоснай разьбой Міхаіл Георгіевіч. І малы сын умее плесці з бісеру.
Усе разам паспяхова ўдзельнічаюць у творчых конкурсах “Сямейная майстэрня”, “Сямейнае гняздзечка”, міжнародным праваслаўным “Шчасце ў дзецях”, паказваюць свае вырабы на калядных і велікодных выставах, дзеці – на школьных. Так што пройдзе час – будзе каму і надалей, згодна з сямейным звычаем, валёнкі валіць.
Фота Антона Сцепанішчава.