Імя ганчара з вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна Сяргея Шчэрбы вядома не толькі на малой радзіме, але і далёка за межамі нашай краіны. Ён пераможца раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Сярод шматлікіх тытулаў і ўзнагарод – “Лепшая аграсядзіба 2011 года Віцебскай вобласці” ў намінацыі “Захаванне беларускіх традыцый”.
Карані майстра аршанскія. З дзяцінства любіў маляванне. На разбяра вучыўся ў бабруйскім ПТВ, потым трапіў на мастацка-графічны факультэт віцебскага педуніверсітэта. Усё жыццё адпрацаваў у школе.
Пасля размеркавання трапіў спачатку ў Варапаева, потым яго запрасілі вядомы кіраўнік сельгаспрадпрыемства Алег Адольфавіч Валодзька з былым дырэктарам навасёлкаўскай школы. Прапанаваў кватэру ў шматпавярхоўцы, але, кажа жонка Людміла, не было там таго, што душа хацела. Купілі сваю хату за 4 тысячы савецкіх рублёў і цалкам гэтым задаволены. Праз год за тыя ж самыя грошы здолелі набыць толькі ровар. Смяюцца, што выгадна ўклалі сродкі. Сяргей Уладзіміравіч у школе выкладаў выяўленчае мастацтва, чарчэнне, працоўнае навучанне, гурток керамікі. Жонка – матэматыку.
Адна з асноўных фішак Сяргея Уладзіміравіча – акарына, гучанне якой падобнае да птушынага спеву. Карані гэтага духоўнага глінянага музычнага інструмента – у Італіі. Аднойчы нехта падарыў сыну свістульку, прывезеную аднекуль з Прыбалтыкі. Але ніяк не хацела гучаць. Зрабіў сам, і някепска атрымалася.
Вось ужо чвэрць стагоддзя займаецца гэтым. У багатым асартыменце твораў майстра – званочкі, свістулькі, гліняныя цацкі і іншыя цікавыя вырабы. Аўтэнтычныя рэчы вырабляе без аніякай сучаснай тэхнікі. І сядзібу назваў, доўга не думаючы “Акарына”.
Гэта драўляны дом з гасцявымі пакоямі. Ніякіх крутых наваротаў. “Куды ж нам з настаўніцкай зарплатай укладваць мільёны?” – задае рытарычнае пытанне Сяргей Уладзіміравіч. Прыязджаюць менавіта тыя, каму гэта патрэбна. Бывае, і сем’ямі, і асабіста. Апошнім часам модна завітаць нават на 3-4 гадзіны. Гаспадары пачастуюць са свайго гарода здаровай ежай. Ёсць сапраўдная лазня “па-чорнаму”.
Ва ўсіх творчых задумах мужу дапамагае жонка. Яе карані на Глыбоччыне. Менавіта намаганнямі Людмілы Шчэрбы ў хаце створаны невялікі музей старадаўніх рэчаў і вырабаў з гліны. Бо, як кажа гаспадыня, калі ў зборы больш за 200 экспанатаў, яго можна назваць экспазіцыяй. Сама працуе экскурсаводам. “Я тут па сувязях з грамадскасцю”, – жартуе кабета.
Строі Сяргею Уладзіміравічу таксама рабіла яна. Ёсць у сядзібе і свая кніга водгукаў. Выпадкова трапіў акурат на запіс, зроблены вядомай спявачкай Ірынай Дарафеевай, якая на прыгожай беларускай мове дзякуе за талент і жадае шчасця.
Для гасцей знаны ганчар дае майстар-класы. Гліну – чырвоную, шэрую і блакітную – бяруць тут жа, непадалёк. Ахвотныя могуць пасядзець за ганчарным колам і самастойна зрабіць свой збан, пачуць аб прыёмах і тэхніцы вырабу цацак з прыроднага матэрыялу, узяць сувеніры на памяць.
Паказаў майстар і адмысловую печ на двары: унутры накаляецца, але мала аддае цяпла вонкі. Можа нават суткі стаяць. Прынцып топкі, як і ў рускай печы. “Можна пячы хлеб, вельмі добрыя аладкі атрымліваюцца, – распавядае гаспадар. – Прыязджалі галандцы і сказалі, што ў іх такія вельмі распаўсюджаныя”.
А яшчэ майстру не сядзіцца на адным месцы, шмат дзе бывае. “Жыццё насычанае і пры людзях”, – адзначае ён. Сёлета запрасілі на фестываль “Меч Брачыслава” ў Браслаў, адкрыццё сезона ў курортным пасёлку Купа на Нарачы, пастаўскі фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”.
Але толькі Беларуссю маршруты вандровак не абмяжоўваюцца. Калі быў трохі маладзейшы, як жартаўліва адзначае, і на Грунвальд (назва вёскі, дзе нашы продкі ў складзе войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага разбілі крыжакоў у адной з найвялікшых бітваў Сярэднявечча) “пару разоў скокнуў”.
Дарэчы. У 2006 годзе Сяргея Шчэрбу нават прынялі ў гільдыю вікінгаў. Там жа, на тэрыторыі сучаснай Польшчы, паўдзельнічаў у адным з найбуйнейшых гістарычных мерапрыемстваў у Еўропе – фестывалі на востраве Волін, дзе шмат стагоддзяў таму сышліся вікінгі і славяне.
У кожнага свая мерка жыцця, лічаць Сяргей і Людміла. Ім шмат не трэба: шчасце знаходзяць у тым, каб жыць на зямлі ў згодзе з самімі сабой і займацца ўлюбёнай справай.
Фота Алеся БЫНЬКОВА.