Автор: . Дата создания:

Івану Паўлавічу Бараноўскаму з пастаўскай вёскі Кейзікі споўніўся 101 год 22 чэрвеня – дзень у яго жыцці радасны і сумны.

 

Не было, бадай, такога выпадку, каб, сабраўшыся за святочным сталом, гаспадар ці госці не ўзгадалі вайну, удзельнікам якой быў Іван Паўлавіч.

Праўда, сёлета вялікіх урачыстасцей не ладзілі. Бацьку нездаровіцца і лепш, палічылі блізкія, не трывожыць яго спакой . Пра гэта прасіла і Ганна, дачка, што жыве разам з ім. Узрост, казала, многае сцёр з яго памяці, але самі ўспаміны пра вайну хвалююць. І тым, што давялося перажыць у час яе, і тым, што не ў стане ўжо расказаць пра свае франтавыя дарогі.

Усе жыццё Ганна пражыла побач з бацькам, а вось яго ўспамінаў пра вайну не запісала. Лічыла – паспее, а сёння, разумее, спазнілася. Таму адразу папярэдзіла, што можа ў чымсьці памыліцца і яе расказ не трэба ўспрымаць як абсалютна дакладную інфармацыю.

Ведае, што бацьку быў 21 год, калі на змену польскай уладзе прыйшла савецкая. У 1939 годзе, калі пачало працаваць Варапаеўскае лясніцтва, уладкаваўся туды на працу і туды вярнуўся пасля Перамогі над фашысцкай Германіяй. Ваяваў на тэрыторыі Прыбалтыкі, прайшоў па Еўропе. Быў зенітчыкам, мае ўзнагароды. Жыццё пражыў сумленна, працаваў шчыра, за што і сёння яго памятаюць у калектыве лясгаса. На ўсе святы прыязджаюць з віншаваннямі і падарункамі.

 – У першых днях ліпеня зноў збіраемся да Івана Паўлавіча, – пацвердзіў ляснічы Анатоль Сапрончык. – З расказаў старажылаў ведаем, што работнік ён быў добры, вывучыўся на трактарыста, працаваў у лесе на тралёўцы. Шчыраваў. Спачатку трэба было будаваць хату – немцы спалілі вёску, абзаводзіцца гаспадаркай. Але Іван работы не баяўся. У выніку адным з першых сярод суседзяў купіў матацыкл, машыну, тэлевізар… Выгадаваў з жонкай чацвярых дзяцей, дваіх з якіх перажыў.

А Ганна дабавіла, што ў бацькі карані моцныя. Дзядуля дажыў да 113 гадоў, а Івану Паўлавічу яшчэ толькі 101.

Фота аўтара